“Калі ў дзейнасці любой установы або прадпрыемства цалкам ігнаруецца беларуская мова, гэта зневажае нацыянальныя пачуцці грамадзян Беларусі”, заяўляе Алег Трусаў.
Грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) звярнулася ў Канстытуцыйны суд, Мінскі гарвыканкам і ў пракуратуру горада Мінска ў сувязі з нежаданнем кіраўніцтва сталічнага гандлёвага цэнтра «Карона» выкарыстоўваць беларускую мову ў афармленні прадпрыемства і інфармаванні грамадзян. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, з прапановай да кіраўніцтва гандлёвага цэнтра «Карона» выкарыстоўваць беларускую мову ў дзейнасці цэнтра звярнуліся як грамадзяне, гэтак і ТБМ. У адказе кіраўніка сталічным філіялам ТАА «Тытунь інвест» «Гандлёвы цэнтр «Карона» Валерыя Палынкова старшыні ТБМ зазначаецца, што кіраўніцтва прадпрыемства выбрала рускую мову «для візуальнага афармлення гандлёвага цэнтра «Карона» і прадастаўлення грамадзянам інфармацыі аб таварах і паслугах з мэтай стварэння спажыўцам максімальна зручнага ажыццяўлення пакупак».
Як заявіў А.Трусаў, кіраўнік гандлёвага цэнтра, відаць, пераблытаў краіну свайго пражывання і выбраў рускую мову, забыўшыся, што беларускую, згодна з афіцыйнымі звесткамі, назвалі сваёй роднай мовай 74% насельніцтва краіны, у тым ліку 500 тысяч чалавек, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі аўтахтоннай нацыянальнасці. Вось чаму, упэўнены кіраўнік ТБМ, неабходна ўказваць такім кіраўнікам, як В.Палынкоў, аб неабходнасці выкарыстання ў іх прадпрымальніцкай дзейнасці як мінімум дзвюх дзяржаўных моў (беларускай і рускай) па прыкладзе такіх вядомых брэндаў, як «Рэно», «Самсунг» і «Нескафэ».
На думку А.Трусава, кіраўнік гандлёвага цэнтра «зблытаў палітыку з гандлем, бо з эканамічнага пункту гледжання прымяненне беларускай мовы пашырае колькасць пакупнікоў і спрыяе павелічэнню прыбытку». «Відавочна, што пытанне прыбытковасці цэнтра не вельмі хвалюе яго кіраўніцтва. Вось чаму мы звярнуліся ў дзяржаўныя структуры, каб чыноўнікі патлумачылі Палынкову яго месцазнаходжанне і занепакоенасць кіраўніка дзяржавы станам дзяржаўнай беларускай мовы, — падкрэсліў старшыня ТБМ. — Мы не супраць рускай мовы, аднак калі ў дзейнасці любой установы або прадпрыемства цалкам ігнаруецца беларуская мова, гэта зневажае нацыянальныя пачуцці грамадзян Беларусі».