Стаў даступны на рускай мове тэкст рашэння па справе брэстчанкі Жаны Коўш
На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека апублікаваны тэкт рашэння па справе брэстчанкі Жаны Коўш на рускай мове. Дадзеная справа была разгледжана ў сакавіку 2013 г. на 107 сесіі Камітэта па правах чалавека ААН.
Жана Коўш ставіла пытанне аб недастаўцы яе да суддзі ў тэрміновым парадку. Яна затрымлівалася супрацоўнікамі міліцыі двойчы: у 2005 г. і ў 2006 г. Двойчы змяшчалася ў ізалятар. Першы раз не была дастаўлена да суддзі двое сутак, другі раз - трое.
- Адносна Жаны Коўш быў парушаны пунк 3, арт 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, -кажа праваабаронца Раман Кісляк, да якога жанчына звярнулася за дапамогай. Крымінальныя справы, якія былі ўзбуджаны ў адносінах да Коўш, былі спынены.
Па словах Кісляка, справы былі яўна сфабрыкаванымі.
Сама Жана лічыць гэта пераследам за яе грамадскую актыўнасць і палітычныя погляды. Яна сябра АГП, Руху “За свабоду” і ў 2006 г. затрымлівалася ў перыяд прэзідэнтскай кампаніі. Падчас трэцяга затрымання адбыўся вялікі розгалас. Да ІЧУ пад’ехала шмат грамадскіях актывістаў і праваабаронцаў, і Жану выпусцілі праз пару гадзін.
Першыя 2 затрыманні Жана абскарджвала ў раённай, абласной і Генеральнай пракуратуры. Але пракуроры розных узроўняў не ўбачылі правапарушэнняў у дзеяннях міліцыі. Таму прыйшлося звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Справа ў тым, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае аўтаматычную дастаўку да суддзі, які павінен вырашыць, затрымаць чалавека ці вызваліць. Але ёсць міжнародныя абавязкі. Больш таго, гэтае пытанне вырашаецца следчым і санкцыянуецца пракуратурай. Таму падобныя парушэнні вельмі шматлікія ў Беларусі. Але ўлады не хочуць заўважаць дадзенае парушэнне і выпраўляць сітуацыю, адзначае праваабаронца Раман Кісляк.
У адносінах да Жаны Коўш былі і іншыя парушэнні. Але ўвага была сканцэнтравана менавіта на тэрміновым недастаўленні да суддзі, бо гэта тычыцца многіх.
Такое дастаўленне павінна быць на працягу 48 гадзін. У Беларусі закон прадугледжвае 72 гадзіны, а таксама 10 сутак у адносінах да асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў.
Праваабаронца Кісляк лічыць, што ў Беларусі патрэбна дастаўляць на працягу 48 гадзін, як прынята ў рамках Савета Еўропы і ў краінах-суседках - Расіі, Украіне, Літве, Польшчы і інш. За выключэннем выпадкаў, калі для гэта ёсць падставы.
Камітэт прыйшоў да высновы, што Беларусь парушыла правы грамадзянкі Жаны Коўш згодна п.3 арт. 9 Пакта. Па рэкамендацыі Камітэта, Беларусь павінна забяспечыць Коўш прававую дапамогу, вярнуць панесеныя ёю матэрыяльныя страты, а таксама маральную кампенсацыю. Таксама дзяржава не павінна дапускаць такія парушэнні ў будучым. Дадзенае рашэнне павінна быць апублікована на беларускай і рускай мовах.