Ігар Пастноў не давярае віцебскім медыкам і просіць перавесці яго ў Мінск
Паводле віцебскіх праваабаронцаў, якія апошнімі днямі наведалі Ігара Пастнова ў абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі, ён напісаў ужо дзьве заявы наконт пераводу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя. Але адказу Пастнову пакуль не далі.
Таксама Ігар Пастноў хоча звярнуцца да галоўнага псіхіятра Беларусі з просьбай разабрацца ў ягонай справе або хаця б прыслаць для разбіральніцтва ў Віцебск свайго прадстаўніка.
Пасля наведання Ігара Пастнова ў шпіталі раваабаронцы Леанід Свецік і Пётр Іваноў распавялі, што ён па-ранейшаму абмежаваны ў магчымасці карыстацца тэлефонам. І што Пастноў напісаў ліст на імя старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Нацыянальнага сходу Аляксандра Цацохі з прапановай, каб у закон “Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі” ўнеслі змены, скасаваўшы палажэнні, якія парушаюць правы пацыентаў”. Гэты ліст да Аляксандру Цацохі Ігар Пастноў перадаў праз праваабаронцаў, паведамляе сайт "Віцебская вясна".
Віцебскія праваабаронцы патрабуюць правесці паўторную псіхіятрычную экспертызу доктара Ігара Пастнова. Пра гэта гаворыцца ў інтэрнэт-петыцыі, пад якой яны мяркуюць сабраць 50 тысяч подпісаў. "Камісія псіхіятраў з Віцебску ў вызначэнні стану і ацэнкі рызыкі, якую ён нібыта ўяўляе для сябе і навакольных, не магла быць аб’ектыўнай, бо яе члены на сваёй працы падпарадкоўваюцца галоўурачу Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі Алене Мартынавай. Менавіта яна ініцыявала працэс змяшчэння апальнага лекара ў вар’ятню".
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення. “Затрыманне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным з-за выказанай ім законнай крытыкі сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці. Калі гэта так, то Amnesty International будзе лічыць яго вязнем сумлення”, - гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі. Amnesty International прапануе ўсім неабыякавым людзям дасылаць пісьмовыя звароты ў структуры міністэрства аховы здароўя і патрабаваць прызначэння паўторнага псіхіятрычнага агляду Ігара Пастнова незалежнымі спецыялістамі. А таксама запатрабаваць, каб былі прынятыя ўсе неабходныя меры да таго, каб у шпіталі Ігару Паснову забяспечылі неабходную юрыдычную дапамогу.
Гэтае дапамогі ён быў пазбаўлены з 16 жніўня, калі яго гвалтам змясцілі ў псіхіятрычны шпіталь, і да самага суду 21 жніўня, калі Віцебскі райсуд санкцыянаваў прымусовае лячэнне Ігара Пастнова. На працэс яго не прывезлі, даслаць грамадскага прадстаўніка ці адваката ў суд ён таксама не меў магчымасці, бо ў шпіталі на той час яму былі забароненыя тэлефанаванні і сустрэчы з наведнікамі. Толькі 23 жніўня яго ўпершыню змог наведаць адвакат і праваабаронцы, але Ігару Пастнову не даюць магчымасці сустракацца з журналістамі, каб тыя маглі распавесці грамадскасці пра абстаноўку ў Віцебскім абласным псіхіятрычным шпіталі.
Ігар Пастноў і яго адвакат падалі дзве касацыйныя скаргі на рашэнне суддзі Таццяны Дзегцяровай наконт прымусовага псіхіятрычнага лячэння. Дата разгляду ў Віцебскім абласным судзе пакуль не прызачана.