У Магілёве забарона пікета праваабаронцаў прызнана законнай
Такое рашэнне вынес суд Ленінскага раёна Магілёва 3 жніўня 2013 года ў асобе суддзі Андрэя Юрчанкі.
Праз суд праваабаронца Барыс Бухель хацеў аспрэчыць забарону пікета, а таксама прызнаць рашэнне гарвыканкама аб адзіным вызначаным месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе незаконным. Праваабаронца кажа, што суддзя Юрчанка адхіліў хадайніцтва з нагоды прыпынення разгляду матэрыялаў справы да атрымання рашэння Магілёўскага аблвыканкама.
“Мы хацелі атрымаць з аблвыканкама адказ на нашу скаргу. Сутнасць скаргі палягала ў тым, каб аблвыканкам адмяніў рашэнне гарвыканкама ў пытанні адзінага вызначанага месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве, гэтак званай рэзервацыі для дэмакратаў. Адказу яшчэ не было, і мы хацелі, каб разгляд справы ў судзе адбываўся з улікам адказу з аблвыканкаму”, - паведаміў Барыс Бухель.
Акрамя таго праваабаронца кажа, што, калі б рашэнне аблвыканкама не было станоўчым, у гэтым жа суддзе яго можна было б разгледзець на прадмет адмены.
“Падчас судовага працэсу стала вядома, што суддзя Юрчанка не ведае механізму падачы скаргі ў камітэт ААН па правах чалавека, а таксама прэцэдэнтаў, якія звязаныя з Беларуссю. Прыйшлося правесці для яго “лікбез”, а пасля перапынку ў суддзе прынесці некалькі матэрыялаў такіх спраў, у якіх канкрэтна камітэт па правах чалавека ААН прызнае парушэнні, дапушчаныя судовай сістэмай Беларусі ў дачыненні да пэўных грамадскіх актывістаў. Яго гэта ўразіла, аднак ніяк не паўплывала на вынік разгляду нашай справы”, - распавёў Барыс Бухель.
Нагадаем, што праваабронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын хацелі 4 жніўня насупраць будынка магілёўскага глаўпаштамта правесці пікет з нагоды двухгоддзя зняволення праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пасля таго, як пікет быў забаронены мясцовымі ўладамі, яны звярнуліся ў суд.
Варта адзначыць, што цягам апошняга году ў Магілёве не было дазволена ні аднаго масавага мерапрыемства дэмакратаў, у тым ліку ў вызначаным уладамі для гэтых мэтаў месцы – на стадыёне “Хімік”, што на ўскайку горада.
Праваабаронцы адзначаюць, што будуць абскарджваць рашэнне на забарону пікета ў цэнтры горада ў Магілёўскім абласным суддзе, а пасля падрыхтуюць заяву ў камітэт па правах чалавека ААН, каб гэтая аўтарытэтная структура прызнала незаконасць рашэння магілёўскіх уладаў і суддзяў.