Апазыцыя дамовілася наконт правядзеньня Кангрэсу
У часе канфэрэнцыі «Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі й яе грамадзянаў», якая праходзіць у Вільні пад эгідай Рады Эўропы, лідэры апазыцыі прыйшлі да кампрамісу ў справе Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Вырашана правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў да канца вясны. Склад дэлегатаў Кангрэсу будзе пашыраны за кошт дэлегатаў першага Кангрэсу і вядомых асобаў. Паўнамоцтвы дэлегатаў, абраных шляхам збору подпісаў, будуць правераныя спэцыяльнай камісіяй, паведаміла “Наша Ніва”.
Кангрэсу будуць папярэднічаць сем рэгіянальных сходаў. На разгляд тых сходаў будуць прапанаваныя пытаньні, якія не змагла вырашыць пагаджальная камісія. Рашэньні гэтых сходаў будуць абавязковымі для ўсіх. У кожным зь іх будуць удзельнічаць 100—150 чалавек. Калі на чатырох з сямі сходаў бальшыня вырашыць абраць новага лідэра (на гэтым настойвае лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч), рашэньне будзе выкананае.