viasna on patreon

БАЖ прыняў заяву ў сувязі з крымінальным пераследам за публікацыі ў Інтэрнэце

2007 2007-04-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праўленне грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняло заяву пратэсту ў сувязі з крымінальным пераследам за публікацыі ў Інтэрнэце грамадскага актывіста Андрэя Клімава.

У звароце ад 10 красавіка БАЖ заклікае адказных асоб і дзяржаўныя органы, у кампетэнцыю якіх уваходзіць прыняцце адпаведных рашэнняў:

• змяніць меру стрымання, абраную ў дачыненні Андрэя Клімава;

• пры расследаванні і разглядзе справы кіравацца агульнапрызнанымі дэмакратычнымі стандартамі ў галіне свабоды выказвання, не дапускаць адвольных прававых ацэнак Інтэрнэт-прасторы;

• выключыць прымяненне на практыцы мераў, звязаных з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі, за выказванне меркавання.

Журналісцкая праваабарончая арганізацыя выказвае шкадаванне, што ў Беларусі “прыцягненне да крымінальнай адказнасці за выказванні з’яўляюцца звычайнай практыкай”.

У заяве нагадваецца, што ў 2002 годзе абмежаваннем волі па Крымінальным кодэксе былі пакараныя гродзенскія журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, а таксама рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. І, як звяртае ўвагу БАЖ, пры разглядзе гэтых спраў суды дыяметральна супрацьлеглым чынам вырашалі пытанне, ці можна Інтэрнэт-рэсурсы аднесці да СМІ.

“Пераслед за гарантаваныя Канстытуцыяй свабоду слова і інфармацыі дыскрэдытуюць Беларусь у вачах цывілізаванага свету, – папярэджвае беларускую грамадскасць БАЖ. – У 2005 г. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці ў сваёй справаздачы па выніках візіту ў краіну адзначыў, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у рэгіёне АБСЕ, дзе людзі адбываюць турэмнае зняволенне ў сувязі са сваімі выказваннямі”.

Палітык і публіцыст Андрэй Клімаў быў затрыманы 3 красавіка ў Мінску. У якасці меры стрымання ў дачыненні яго абранае ўтрыманне пад вартай. Нагодай для крымінальнага пераследу стала размяшчэнне ў сетцы Інтэрнэт публіцыстычных артыкулаў Андрэя Клімава. Следства прыраўняла “Сусветную павуціну” да СМІ, хоць беларускім заканадаўствам гэтае пытанне не ўрэгуляванае,– паведамляецца ў заяве грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Нагадаем, паводле паведамленняў СМІ, супраць А. Клімава распачата крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Заклікі да звяржэння альбо змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь альбо да здзяйснення злачынстваў супраць дзяржавы, публічныя заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады альбо змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, альбо здрады дзяржаве, альбо здзяйснення тэрарыстычнага акту альбо дыверсіі альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі... здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі”).

За публікацыі ў Інтэрнэце палітыку пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства