Дзмітрый Яўстратаў дамагаецца вяртання зямлі, незаконна перададзенай фермеру
Гэтым разам жыхар вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Праз суд ён хоча вынесці пратэст на вызначэнне ад 1 ліпеня 2013 года судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда і на рашэнне суда Леніскага раёна Магілёва ад 8 траўня па скарзе на рашэнне Магілёўскага райвыканкама па пытанню адабрання з зямель Нядашаўскага сельсавета і перадачы калектыўнай фермерскай гаспадарцы “Пралесак” зямельнага надзелу плошчай 12,97 Га, які знаходзіцца ў межах населенага пункта Нядашава-2.
Акрамя таго, Дзмітрый Яўстратаў хоча накіраваць справу на новы разгляд у суд Ленінскага раёна Магілёва ў іншым складзе суда на стадыі падрыхтоўкі скаргі.
“Фермер Юрый Коршунаў распахаў перададзены яму ўчастак зямлі і засеяў яго кукурузай. Але гэты ўчастак знаходзіцца каля водасховішча і цяпер людзі не могуць напрасткі да яго падыйсці. Распаханай аказалася і раней існаваўшая там дарога. Акрамя таго гэта зямля была лугавая і яе перавялі ў катэгорыю ворных. Мой пратэст супраць выкарыстання гэтай зямлі абумоўлены тым, што перадача надзелу адбывалася без грамадскага абмеркавання, як таго патрабуе заканадаўства”, - гаворыць Дзмітрый Яўстратаў.
Жыхар вёскі Нядашава-2 гаворыць, што з ім салідарныя амаль усе жыхары вёскі, бо доступ да традыцыйнага месца адпачынку каля вады аказаўся адрэзаным.
Нагадаем, што пасля таго, як Дзмітрый Яўстратаў пазначыў існуючую ў вёсцы праблему з перадачай зямлі агульнага карыстання фермеру Коршунаву без грамадскіх слуханняў актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) распачалі кампанію па ўвядзенні закона “Аб грамадскіх слуханнях”. Жыхары вёскі Нядашава-2 актыўна падпісваліся пад зваротам да мясцовых дэпутатаў і дэпутатаў парламенту. Было сабрана 500 подпісаў, аднак “народныя абраннікі” не ўбачылі сэнсу ў гэтым законе.