Гомельскаму актывісту Сяргею Сямёнаву пракуратура адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў мясцовага КДБ.
Актывіст, які лічыць дзеяньні мясцовых службоўцаў КДБ незаконнымі, зьбіраецца абскарджваць рашэньне абласной пракуратуры на больш высокім узроўні.
Нагадаем, у канцы сакавіка гэтага году Сяргей Сямёнаў падаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці службовых асобаў з Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці. Прычынай напісаньня заявы сталася адмова гомельскіх камітэтчыкаў азнаёміць яго з матэрыяламі апэратыўна-пошукавай дзейнасьці па справе незарэгістраванага моладзевага цэнтра “Гарт”. Гэтыя матэрыялы, на думку Сяргея Сямёнава, супрацоўнікі КДБ мусілі яму прадаставіць на падставе артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб апэратыўна-пошукавай дзейнасьці”. У афіцыйным адказе чэкісты зазначылі, што ў дачыненьні да актывіста апэратыўна-пошукавыя-дзеяньні не праводзіліся. Гэта і падштурхнула актывіста да звароту ў абласную пракуратуру.
У заяве, скіраванай у абласную пракуратуру, Сяргей Сямёнаў патрабаваў узбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да службоўцаў з КДБ, якія праводзілі адносна яго апэратыўна-пошукавую дзейнасьць. Згодна з артыкулам 204 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, незаконная адмова службовай асобы ў прадастаўленьні інфармацыі грамадзяніну, што закранае ягоныя інтарэсы, караецца штрафам альбо забаронай займацца пэўнай дзейнасьцю.
У афіцыйным адказе супрацоўнікі пракуратуры пазначылі, што ў дзеяньнях мясцовага КДБ склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 204 Крымінальнага Кодэксу РБ, адсутнічае. Праверка Сяргея Сямёнава, паводле намесьніка пракурора Булановіча, праводзілася ў парадку артыкулаў 173-174 Крымінальна-працэсуальнага Кодэксу РБ, а не на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб апэратыўна-пошукавай дзейнасьці”.
Сам Сяргей Сямёнаў лічыць дзеяньні мясцовых службоўцаў КДБ незаконнымі і зьбіраецца абскарджваць рашэньне абласной пракуратуры на больш высокім узроўні, паведамляе моладзевы цэнтр “Гарт”.