Прэс-канферэнцыю, прымеркаваную праекту Закона Рэспублікі Беларусь “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” правядзе Беларуская асацыяцыя журналістаў
У чацьвер, 12 красавіка ў 12.00 ў офісе “Беларускай асацыяцыі журналістаў” будзе ладзіцца прэс-канферэнцыя, прымеркаваная праекту Закона Рэспублікі Беларусь “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Свае заўвагі і прапановы да тэксту законапраекта агучаць юрысты Цэнтра прававой абароны пры БАЖ. Да ўдзелу таксама запрошаны стваральнікі рэдакцыі закона.
На пачатку красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ў адказ на свой запыт копію тэксту праекта закона, а таксама запрашэнне прыняць удзел у дапрацоўцы законапраекта ў складзе працоўнай групы.
Нагадаем, разгляд законапраекта ў Палаце прадстаўнікоў запланаваны пад час бягучай сесіі парламента.
Як заўважыў намеснік старшыні БАЖ, праваабаронца Андрэй Бастунец, праект закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” носіць самы агульны характар і ўтрымлівае вялікую колькасць адсылачных норм. Аднак, на думку юрыста, небяспека прыняцця закона ў такой рэдакцыі заключаецца нават не ў тых абмежавальных нормах, якія ўтрымліваюцца ў праекце, а ў тым, што ён стварае магчымасці і далей абмяжоўваць інфармацыю.