У Гомелі пададзеная заяўка на правядзенне пікету 26 красавіка
Гомельскія актывісты дэмакратычных сілаў 9 красавіка падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету 26 красавіка.
Як паведаміла БелаПАН адна з ініцыятарак правядзення пікету, сябра Партыі камуністаў Беларускай Марыя Багдановіч, сваёй акцыяй актывісты хочуць выказаць пратэст супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем, звязаных з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Па словах М.Багдановіч, адзінае месца ў горадзе, дзе ў некаторых выпадках улады дазваляюць праводзіць такія мерапрыемствы, – пляцоўка перад ДК "Віпра" мясцовага таварыства глухіх. У гэтым месцы актывісты і маюць намер правесці чарнобыльскі пікет.
Афіцыйны адказ з гарвыканкама грамадзяне спадзяюцца атрымаць не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення мерапрыемства.