Бялынічы: адміністрацыйная справа Валерыя Вусіка разглядаецца паўторна
26 жніўня ў судзе Бялыніцкага раёна пачаўся паўторны разгляд адміністрацыйнай справы жыхара вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка, які, згодна складзеных пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінавачваецца ў паклёпе на былога старшыню СВК “Лебедзянка” і незаконным распаўсюдзе незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”.
Разгляд адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка зараз праводзіць суддзя суда Бялыніцкага раёна Аксана Загорская, сакратаром на судовым паседжанні з’яўляецца Вольга Малышава.
Падчас судовага паседжанні 26 жніўня былі заслуханы сведчанні Валерыя Вусіка, былога старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова, а таксама шэрагу сведкаў з таго і іншага боку.
У якасці сведкі ў суд быў выкліканы таксама і выдавец газеты “Магілёўскі Выбар” Барыс Вырвіч, які засведчыў, што выданне газеты “Магілёўскі Выбар” ажыцяўлялася ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб СМІ, артыкул 5 якога абвяшчае, што “У Рэспубліцы Беларусь кожнаму гарантуецца гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне”.
Рэгістрацыі выдання, у адпаведнасці з арт. 13 п. 7.4 Закона аб СМІ не патрабуецца, бо газета “Магілёўскі Выбар” выходзіць накладам 299 асобнікаў. Распаўсюджваць незалежную газету мае права кожны грамадзянін нашай краіны, тым больш, што згодна артыкулу 6 Закона аб СМІ “Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі юрыдычнымі або фізічнымі асобамі не дапускаецца”.
Разгляд адміністрацыйный справы Валерыя Вусіка ў судзе Бялыніцкага раёна працягваўся з 14-30 да 16-45, пасля чаго суддзя Аксана Загорская прыняла рашэнне аб пераносе далейшага разгляду на іншы дзень у сувязі з тым, што суд будзе заслухоўваць паказанні шэрагу сведкаў, якія на гэта паседжанне не з’явіліся.
Абаронца Валерыя Вусіка хадайнічала аб тым, кам на наступнае паседжанне адміністрацыяй СВК “Лебедзянка” была прадстаўлена кніга ўліку праверак гаспадарча-фінансавай дзейнасці СВК “Лебедзянка”.
Згодна рашэння суддзі Аксаны Загорскай, наступнае судовае паседжанне па разгляду адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка адбудзецца 11 верасня ў 14-30.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суддзя Аксана Загорская вельмі скупулёзна падыходзіць да разгляду адміністрацыйнай справы Валерыя Вусіка.
“Суддзя Аксана Загорская вельмі ўважліва падыйшла да разгляду справы аб нібыта адміністрацыйных правапарушэннях з боку Валерыя Вусіка. – кажа Барыс Бухель. - Пакуль не магу даць нейкага дакладнага прагнозу, як гэты паўторны разгляд завершыцца, але мы спадзяёмся на справядлівае рашэнне суда”.
Нагадаем, што 29 сакавіка 2013 года старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз пакараў Валерыя Вусіка штрафам у памеры 30 базавых велічынь нібыта за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”. Па сукупнасці канчатковы памер штрафу быў вызначаны ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.
25 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхара вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка на рашэнне суда Бялыніцкага раёна. Суддзя Магілёўскага абласнога суда Павел Клімаў, які разглядаў касацыйную скаргу Валерыя Вусіка, прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення.
Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прашко 1 жніўня пастанавіў адмяніць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ад 29 сакавіка 2013 года і рашэнне Магілёўскага абласнога суда ад 25 красавіка 2013 года, і накіраваць справу на новы разгляд у суд Бялыніцкага раёна да другога суддзі.