Таццяне Севярынец пагражаюць звальненьнем з працы
Дырэктар школы, дзе працуе маці палітыка Паўла Севярынца, паведаміў учора, што праз два тыдні будзе падрыхтаваны загад на звальненьне. Спадарыня Тацяна лічыць гэта перасьледам з палітычных матываў, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле Тацяны Севярынец, дырэктар віцебскай школы №40 Юры Лаўрэнаў сказаў, што афіцыйнага загаду пра звальненьне яна мае чакаць два тыдні. Афіцыйная прычына звальненьня — прагулы, шэсьць працоўных дзён падчас вясновых вакацыяў.
Севярынец: “Я напісала заяву на адпачынак за свой кошт у часе вясновых вакацыяў, і дырэктар яе падпісаў. Начальнік аддзелу адукацыі Першамайскай раённай адміністрацыі таксама даў згоду.
А сёньня дырэктар паведаміў мне, што начальнік аддзелу адукацыі загадаў аддзелу кадраў рыхтаваць дакумэнты на маё звальненьне з прычыны таго, што я “прагуляла” вясновыя вакацыі — ня выйшла на працу”, — апавяла спадарыня Севярынец.
З 26 да 31 сакавіка Тацяна Севярынец гасьцявала ў дачкі ў Менску, а таксама наведала сэмінар “Дзеці ў сыстэме адукацыі”, які праходзіў у Варшаве.
Па вяртаньні ёй стала вядома, што загадчык райаддзелу адукацыі Ўладзімер Шлома, які спачатку дазволіў адпачынак, у апошні дзень перад ад’ездам адмяніў уласнае рашэньне.
Пісьмовае адмовы Тацяна Севярынец ня бачыла, і таму папярэджаньне пра звальненьне лічыць ціскам з палітычных матываў.
Тацяна Севярынец балятавалася на кандыдата ў дэпутаты Віцебскага гарсавету, аднак выбарчая камісія яе не зарэгістравала. Яна мае вышэйшую настаўніцкую катэгорыю і амаль трыццаць шэсьць гадоў пэдагагічнага стажу — працавала настаўніцай расейскай мовы ды літаратуры.
Калі атрымае загад пра звальненьне, Тацяна Севярынец мяркуе распачаць судовую справу на загадчыка раённага аддзелу адукацыі.