Палітвязню Пракапенку вярнулі прадуктовыя перадачы
Начальства Магілёўскай калоніі №15 зняла забарону на прадуктовыя перадачы для Арцёма Пракапенкі. Пра гэта паведаміў яго бацька Анатоль Пракапенка.
«Мы цяпер вяртаемся з Магілёва. Нам удалося перадаць Арцёму 35 кілаграмаў прадуктаў, з якіх пяць кілаграмаў садавіны. Мы вельмі радыя, што нам удалося зрабіць перадачу, таму што перажывалі, што яго маглі зноў іх пазбавіць, як гэта было 4 сакавіка», — сказаў бацька палітычнага вязня.
Ён дадаў, што статус «злоснага парушальніка» з Арцёма пакуль што не зняты, і для гэтага трэба адседзець год без парушэнняў.
«Сына мы не бачылі, але ведаем, што ён трымаецца. Я адчуваю, што яму цяжка, але ён не падае выгляду. Нядаўна ён тэлефанаваў і сказаў, што падаў заяву на навучанне прафесіі муляра, але рашэння пакуль што няма. Ён хоча атрымаць спецыяльнасць, бо сядзець яшчэ 4,5 года», — адзначыў Анатоль Пракапенка.
Нагадаем, у сакавіку гэтага года Арцём Пракапенка нібыта за парушэнне рэжыму адбыў пяць сутак у карцары, дзе адмаўляўся ад ежы. На палітвязня ціснулі, каб ён падпісаў прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым на 7 гадоў зняволення нібыта за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзела КДБ.