«Я чалавек упарты». Яроменак працягне займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю
Былы палітзняволены Уладзімір Яроменак, асуджаны 20 жніўня на тры месяцы арышту за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду, мае намер працягваць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.
«Калі ўлады сваімі рэпрэсіямі хочуць мяне запалохаць, гэта ў іх не атрымаецца, — заявіў ён журналістам пасля абвяшчэння прыгавору. — Я чалавек упарты.
Калі рэжым вырашыў мяне зноў ізаляваць, перашкодзіць маёй дзейнасці, значыць я, напэўна, раблю ўсё правільна».
Яроменак называе свой прысуд «досыць нечаканым». «Я думаў, што суддзя дасць шэсць месяцаў, як і прасіў дзяржабвінаваўца. Таму тры месяцы арышту — не самы горшы варыянт. Чаму менавіта такі тэрмін — сказаць складана. Думаю, адвакат усё ж змагла пераканаць, што крымінальная справа і матэрыялы для яе збіраліся не па законе», — лічыць асуджаны.
Яроменак таксама паведаміў, што мае намер абскардзіць сённяшні прыгавор у Мінскім гарадскім судзе. Пакуль ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Як раней паведамляў БелаПАН, сёння суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Яроменка вінаватым у парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду (артыкул 421 Крымінальнага кодэкса). Апавяшчаючы рашэнне, суддзя Леанід Ярмоленкаў адзначыў, што парушэнні былі зробленыя без уважлівых прычын, прычым на працягу года абвінавачваны двойчы быў пакараны адміністрацыйнымі спагнаннямі.
Уладзімір Яроменак — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні.
Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Апошні прысуд Яроменак абскардзіў у Мінгарсудзе, які накіраваў справу на новы разгляд назад, у суд Першамайскага раёна сталіцы. У выніку 20 сакавіка Першамайскі суд, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэння нагляду яшчэ адзін, прыгаварыў Яроменка да 15 сутак арышту.
22 ліпеня Яроменка запрасілі ў Першамайскае РУУС Мінска, дзе азнаёмілі з матэрыяламі распачатай у дачыненні да яго справы на падставе артыкула 421 Крымінальнага кодэкса.
Дзеянні ўлад у дачыненні да былога палітзняволенага праваабаронцы расцэньваюць як «палітычна матываваны націск».
Яны звяртаюць увагу на тое, што ў дачыненні да яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 19 снежня 2010 года, Васіля Парфянкова, таксама распачата крымінальная справа за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду. Такім чынам, лічаць праваабаронцы, улады спрабуюць спыніць іх грамадскую дзейнасць, а таксама запалохаць іншых актывістаў апазіцыі.