Магілёўскія праваабаронцы абскардзілі забарону пікета ў падтрымку Алеся Бяляцкага
Адпаведную заяву ў суд Ленінскага раёна Магілёва падалі Барыс Бухель і Аляксей Колчын. Праз суд яны хочуць прызнаць незаконнымі і адмяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама ад 19 снежня 2007 г. №25-19 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, а таксама ад 16 чэрвеня 2010 г. №15-12 “Аб унясенні зменаў у рашэнне ад 19 снежня 2007 г. №25-19”.
Акрамя таго, яны хочуць, каб суд прызнаў незаконным і адмяніў рашэнне кіраўніка спраў Магілёўскага гарвыканкама Ігара Аўсеенкі, які адмовіў у правядзенні пікетавання 5 жніўня 2013 года.
Праваабаронцы таксама хочуць, каб было вынесена прыватнае вызначэнне ў адрас Магілёўскага гарвыканкама з нагоды ўстанавіўшайся практыкі падпісання неналежнай службовай асобай рашэння па заявах грамадзян аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, а таксама абавязаць Магілёўскі гарвыканкам па вышэйпазначаных пунктах апублікаваць рашэнне суда пасля яго ўступлення ў сілу ў бліжэйшым нумары газеты “Веснік Магілёва”.
Нагадаем, што 19 ліпеня 2013 года магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын звярнуліся да старшыні Магілёўскага гарвыканкама з просьбай дазволіць ім правядзенне пікета 4 жніўня на адкрытай пляцоўцы перад домам №31 па вуліцы Першамайскай насупраць Галоўпаштамта. Мэтай пікета з’яўлялася патрабаванне вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.
Варта дадаць, што менавіта 4 жніўня споўнілася роўна два гады з моманту вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму. Зараз ён адбывае сваё пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2.