«Свабода» «не выклікае даверу» ў гендырэктара «Белкалію»
Сёньня ў салігорскім офісе «Беларуськалія» заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцтва прадпрыемства, на якую не дапусьцілі карэспандэнта «Свабоды».
Падставай да размовы з журналістамі стала
становішча на рынку мінэральных угнаеньняў: у выніку разрыву
адносінаў расейскага канцэрну «Уралкалій» зь «Беларускай калійнай
кампаніяй» пачалося імклівае падзеньне коштаў на хлорысты калій, што
адбіваецца ня толькі на эканамічным становішчы прадпрыемства, а і ўсяго
бюджэту Беларусі — «Беларуськалій» зьяўляецца адным з асноўных
пастаўшчыкоў валюты ў дзяржаўную скарбонку. Радыкальнага зьніжэньня коштаў
(прычым, па ўжо падпісаных кантрактах) патрабуюць галоўныя спажыўцы
беларускай прадукцыі — Кітай і Індыя.
Аднак прадстаўнікі СМІ ў Салігорск дапушчаныя выбарачна. Яшчэ
ў пятніцу на спробу карэспандэнта «Свабоды» акрэдытавацца
на прэсавую канфэрэнцыю намесьнік дырэктара па кадрах
і ідэалягічнай працы «Белкалію» Анатоль Махлай адказаў, што
мусіць параіцца з генэральным дырэктарам Валерыем Кірыенкам —
маўляў, не было б ніякіх праблемаў, каб гэта была не «Свабода».
Але выказаў уласнае меркаваньне, што шанцы ёсьць, бо варта, каб былі
прадстаўленыя розныя пункты гледжаньня. І папрасіў затэлефанаваць раніцай
у панядзелак.
На жаль, гендырэктар Кірыенка ніякай неабходнасьці ў плюралізьме
меркаваньняў не бачыць. Як пераказаў ягоныя словы спадар Махлай,
ён заявіў: «Ваша радыё не выклікае даверу». Адпаведна,
і прысутнасьць «Свабоды» на прэсавай канфэрэнцыі непажаданая.
Тым не меней, з дапамогай акрэдытаваных калег мы будзем сачыць
за тым, што адбывалася за зачыненымі для нас дзьвярыма
«Беларуськалію» ў Салігорску.