Генпракуратура “адфутболіла” зварот “Маладога Фронту” па пытанні смерці ў СІЗА-1
Генеральная пракуратура не стала рэагаваць на зварот моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” (зарэгістарвана ў Чэхіі) адносна сітуацыі са смерцю Ігара Пцічкіна ў мінскім Следчым ізалятары №1. Замест гэтага пракурор аддзела па нагляду за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў А. С. Малашэвіч перанакіраваў зварот маладафронтаўцаў на разгляд начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў МУС падпалкоўніку І. С. Дарашко.
Намеснік старшыні “Маладога Фронту” Іван Шыла лічыць такія дзеянні пракуратуры абсурднымі:
- Акрамя непасрэднага расследвання абставінаў смерці Ігара Пцічкіна ды правядзення рэальных праверак ўсіх устаноў, дзе адбываюць пакаранне альбо ўтрымліваюцца вязьні, мы патрабавалі і адстаўкі кіраўніка Дэпартамента выканання пакаранняў. Гэта тая асоба, якая нясе непасрэдную адказнасць за ўмовы ўтрымання вязняў і арыштантаў, у тым ліку і ў СІЗА-1. Адфутбольванне звароту на разгляд у Дэпартамент гэта ўсё адно, што даручыць лісе расследваць знікненне кур, - кажа Іван Шыла.
Нагадаем, напачатку жніўня ў сувязі са смерцю Ігара Пцічкіна ў мінскім СІЗА-1 арганізацыя “Малады Фронт” звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў ды Генеральную пракуратуру з патрабаваннем аб правядзенні ўсебаковага расследвання гэтага выпадку. На думку арганізацыі, смерць юнака не з’яўляецца выпадковасцю - умовы ўтрымання арыштантаў і вязняў, створаная сістэма адбыцця пакаранняў спрыяюць такім выпадкам. Таксама маладафронтаўцы заклікалі да дабраахвотнай адстаўкі Міністра унутраных справаў, кіраўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў і начальніка мінскага Следчага ізалятара №1.