Прафсаюз РЭП плануе правесці ў Гомелі вулічнае шэсце супраць зніжэння выплат па «бальнічных»
Прадстаўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Віктар Казлоў і член Савета прафсаюза, праваабаронца Анатоль Паплаўны падалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне вулічнага шэсця. Прафсаюзныя актывісты плануюць прайсці шэсцем па вуліцы Савецкай Гомеля 8 верасня ад плошчы Леніна да ўнівермага «Гомель» з транспарантам і лозунгамі, якія адлюстроўваюць пратэст супраць новаўвядзенняў у аплаце па бальнічных лістах.
Мэта масавага мерапрыемства – выказаць пратэст супраць пастановы Савету Міністраў №569, прынятай у чэрвені, згодна з якой выплаты па «бальнічных» (лістках часовай непрацаздольнасці) прыкметна знізяцца.
Прафсаюз РЭП лічыць, што дадзеная пастанова істотна будзе ўшчамляць правы работнікаў. Напрыклад, поўны сярэдні заробак можна будзе атрымаць не праз шэсць, а толькі толькі праз дванаццаць дзён хваробы. А пры разліку сярэдняга заробку замест двух апошніх месяцаў суміруюць заробак адразу за паўгода. У гэтым выпадку пад удар трапляюць тыя, хто адпрацаваў на прадпрыемстве менш за шэсць месяцаў.
Аналагічныя акцыі пратэсту незалежны прафсаюз РЭП плануе правесці 8 верасня па ўсёй краіне.