Вясковец просіць пракуратуру разабрацца з фактамі запалохвання галоўным ветэрынарам Бярозаўскага раёна
Жыхар вёскі Малеч Бярозаўскага раёна Анатоль Сахаруша звярнуўся ў пракуратуру Бярозаўскага раёна з просьбай даць прававую ацэнку некаторым выказванням галоўнага ўрача раёна Генадзя Белавешкіна ў інтэрв’ю раённай газеце “Маяк”. Сахаруша лічыць недапушчальным запалохванне людзей, якія трапілі ў 5-кіламетровую зону ад невялікіх 2-х фермаў камбікормавага завода.
Пагрозы галоўнага ветэрынара раёна спадар Сахаруша бачыць у наступных словах: “Спецыяльная брыгада будзе усыпляць уколамі жывёлы проста на двары ў гаспадароў без якой-кольвек кампенсацыі. А самі гаспадары атрымаюць салідны штраф. Супраць тых, хто будзе супраціўляцца, будзе знойдзена строгая прававая ацэнка, аж да крымінальнай адказнасці.”
Інтэрв’ю Белавешкіна, па словах Сахарушы, пасеяла паніку сярод насельніцтва, якое адпаведныя службы прымушаюць ліквідаваць здаровае пагалоўе свіней, каб захаваць невялікія фермы камбікормавага завода.