Элеанора Капітонава б’е трывогу ў сувязі з ростам захворваньняў сардэчна сасудзістай сыстэмы, галаўнога мозгу, анкалягічных праблемаў і, як ні дзіўна, хваробаў органаў зроку, якія звязвае з Чарнобылем
Дырэктар Рэспубліканскага навукова практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека і аўтарытэтны навукоўца Элеанора Капітонава у інтэрвію “Народнай газеце” сцвярджае, што “сярод ліквідатараў, эвакуяванага насельніцтва й тых, хто працягвае жыць на тэрыторыі з узроўнем забруджваньня вышэйшым за 15 кюры, адзначаецца статыстычна даставерны рост захворваньняў сардэчна сасудзістай сыстэмы, галаўнога мозгу, анкалягічных праблемаў і, як ні дзіўна, хваробаў органаў зроку, у прыватнасьці катарактаў.
Анкалягічныя захворваньні ў цэлым па Беларусі растуць таксама, як і ў іншых краінах Эўропы. Што датычыць пацярпелага насельніцтва, дык ў гэтай групе рост онказахворваньняў апераджальны, што й дазваляе навукоўцам зьвязваць захворваньні з радыяцыйным фактарам».
Аднак, засьцерагаецца Капітонава, тых дадзеных, якія сабраныя, ня досыць, каб напэўна гаварыць, што гэтае насельніцтва стала часьцей хварэць онказахворваньнямі пасьля аварыі на ЧАЭС.
Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка згарнуў праграму вываду чарнобыльскіх тэрыторый зь сельскагаспадарчага абароту і дазволіў заставацца ў зоне рызыкі ўсім, хто жадае там заставацца, навукоўцы і мэдыкі захоўвалі маўчаньне на тэму стану здароўя жыхароў чарнобыльскіх тэырыторый. Асабліва настрашыла навуковую супольнасьць зьняволеньне прафэсара Бандажэўскага — лідэра ў дасьледаваньнях уплыву радыяцыі на арганізм. (Яго асудзілі нібыта за хабар, ён выйшаў з турмы хворым чалавекам і пакінуў Беларусь.)
Пасьля 1996 году ўрад Лукашэнкі зьмяніў стратэгію змаганьня з наступствамі Чарнобылю. Галоўным стала забесьпячэньне жыцьцядзейнасьці людзей на тэрыторыях, на якіх яны пражываюць. Людзей сталі заахвочваць заставацца. Жыхарам зоны факультатыўнага адсяленьня стала цяжка знайсьці варыянт для перасяленьня. Што характэрна, нават Дзяркамчарнобыль урэшце быў ператвораны ў дэпартамэнт у складзе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
Грамадзкія актывісты даўно білі трывогу наконт відавочнага росту захворваньняў на чарнобыльскіх тэрыторыях, аднак ня мелі статыстычнага падмацаваньня для сваіх назіраньняў.
Прызнаньне Капітонавай можа мець уплыў на маштаб чарнобыльскіх маніфэстацый сёлета. У дэмакратычнай краіне яно выклікала б публічную дыскусію наконт эфэктыўнасьці дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сфэры, паведамляе “Наша ніва”.