viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: "Сустрэча з кандыдатамі: надзеі і расчараваньні"

2013 2013-08-15T13:51:13+0300 2013-09-12T13:10:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.

11 траўня 2013, Бабруйск

Вось жа за некалькі дзён да выбараў прыехалі нашыя сябры, праваабаронцы з Нарвегіі і Швецыі. Прыехалі, каб паглядзець, скласьці сваё асабістае ўражаньне. Яны не рэгістраваліся як афіцыйныя назіральнікі, каб ня быць зьвязанымі абавязковым для міжнародных назіральнікаў графікам працы: паездкамі па ўчастках, запаўненьнем формаў і гэтак далей. Маючы вопыт назіраньня ў міжнародных місіях, яны вырашылі гэтым разам быць незалежнымі і ў сваіх ацэнках і меркаваньнях.

Праграма побыту ў іх была самастойная. А вось на сустрэчу з двума кандыдатамі, якая мусіла праходзіць каля менскай ратушы, я вырашыў пайсьці разам зь імі. Мы трохі спазьніліся і прыйшлі, калі сустрэча-мітынг ішлі ўжо поўным ходам. Было ўжо цёмна, падсьвечаная ратуша стаяла на сьнезе, бы нявеста ў белай сукенцы. Сьвятло ад ліхтароў рассыпалася іскрамі па сьнезе, стаяў лёгкі марозец, пад нагамі парыпваў сьнег. На пераноснай трыбуне прамаўляў адзін з кандыдатаў. Выразна, амаль па-акторску, гучаў пастаўлены ў шматтысячных залах голас. Пасьля яго засьпяваў у мікрафон Зьміцер Вайцюшкевіч. Мне было яго крыху шкада. Сьпяваць нават на невялікім марозе – гэта заўсёды сур’ёзны ўдар па голасу.

Я пакінуў сваіх замежных сяброў і пайшоў хадзіць-брадзіць у натоўпе. Я люблю рухацца падчас мітынгаў, не стаяць на адным месцы, каб паглядзець на людзей, адчуць настрой, зь якім яны прыйшлі на мітынг, урэшце, каб пабачыць знаёмых і павітацца-перакінуцца словамі. Людзей было не мала і не багата, як для зімы, чалавек пяцьсот. Я ўбачыў знаёмага, які жыў у Баранавічах. Ён стаяў з плакатам у падтрымку аднаго з кандыдатаў. Мы павіталіся. Выгляд у яго быў адухоўлены, вочы сьвяціліся. “Ну як? – спытаўся ён з энтузіязмам, – пераможам?” “Ты што гэта, усур’ёз? – спытаўся я ў яго, – паглядзі колькі людзей прыйшло”. Ён адразу неяк сумеўся і працьверазеў. “Што думаеш, ніякіх шанцаў?” – спытаўся ён. “А што ты думаеш, яны ёсьць ?” – перапытаўся я. “Так, - адказаў ён, а потым яшчэ больш сумеўся і нават згорбіўся, - мабыць, ты маеш рацыю”.

Я разьвітаўся і пайшоў да сваіх знаёмых. На душы было прыкра. Не хацеў я яго расчароўваць і выступаць разбуральнікам ілюзіяў. Зьдзівіўся я таксама кандыдату, які здолеў так настроіць каманду, што актывісты сапраўды паверылі ў магчымасьць перамогі. У вачах у свайго знаёмага я бачыў сапраўдную веру ў перамогу. І нашто я сказаў яму, што няма шанцаў, яшчэ раз падумаў я. Можа так і трэба рабіць, калі хочаш перамагчы. Хаця маё ўласнае адчуваньне, аналіз сітуацыі, размовы з рознымі людзьмі паказвалі, што час для зьменаў яшчэ не надыйшоў. Ня ведаю, дзе тая мяжа паміж бязстрашнай прагаю перамогі і авантурызмам. Так і пайшоў я з гэтай сустрэчы з кандыдатамі з пытаньнямі, на якія я не пачуў і не адчуў адказу.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства