Ад гарадзенскіх дэпутатаў патрабуюць рэгулярных справаздач
Прымусіць мясцовых дэпутатаў выконваць закон і рабіць рэгулярную справаздачу сваім выбаршчыкам спрабуюць прадстаўнікі шэрагу гарадзенскіх арганізацый і партый.
На адрасы дэпутатаў гарадскога Савета будуць дасланыя лісты ад жыхароў Гародні з патрабаваннямі адказаць за свае абяцанні і зробленую працу. Кажа старшыня гарадской рады Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
- Нашыя дэпутаты гэтага не робяць. Таму Партыя БНФ, “Гавары праўду!”, АГП вырашылі суарганізаваць групу людзей, якія пражываюць па ўсіх гарадскіх акругах, каб яны напісалі пісьмовыя звароты да "сваіх дэпутатаў” з патрабаваннем справаздачы па сваёй дзейнасці. Пасля гэтыя людзі напішуць калектыўны зварот да старшыні Гарсавета з патрабаваннямі і пытаннямі, якім чынам ён арганізоўвае працу сваіх падначаленых так, што яны наўпрост парушаюць беларускае заканадаўства.
Вадзім Саранчукоў не верыць у змены ў выбарчым заканадаўстве. Таму гэты варыянт ціску на праўладных стаўленікаў павінен падвысіць хаця б якасць іх працы. Вадзім Саранчукоў паведаміў, што ўжо ёсць неабходная колькасць жыхароў для напісання арганізаваных зваротаў.