Пракуратура Баранавічаў адмовілася рэагаваць на калектыўную скаргу па справе Мілавідскага фэсту
Праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў ліст за подпісам выконваючага абавязкі Баранавіцкага міжраённага пракурора П.М. Навіцкага, у якім паведамляецца, што калектыўная скарга грамадзян па справе Мілавідскага фэсту вяртаецца назад заяўнікам.
Нагадаем, 6 жніўня, абураныя неаб’ектыўным і спешным рашэннем суддзі Кацярыны Груда па справе Мілавідскага фэсту, яго ўдзельнікі і прысутныя на судзе дзесяць грамадзян горада накіравалі калектыўную скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру. Падпісаўшыяся грамадзяне паведамлялі пракурору, што грамадскі актывіст Віктар Сырыца, на іх думку, быў неаб’ектыўна абвінавачаны ў падрыхтоўцы і правядзенні несанкцыянаванага мітынгу ля Мілавідскіх помнікаў 2 чэрвеня і асуджаны да штрафу ў памеры 2 млн. рублёў.
У адказе з пракуратуры паведамляецца, што ініцыятары калектыўнага звароту не могуць абскарджваць пастанову суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 31.07.2013г., бо ў адпаведнасці ч. 1 арт. 12.1 ПВКаАП – гэта можа рабіць толькі асоба, у дачыненні якой яна вынесена, ці яе прадстаўнікі. Таму, маўляў, гэты калектыўны зворот вяртаецца назад яго аўтарам.
– Мы з гэтым згодны. Але мы былі самі ўдзельнікамі паездкі 2 чэрвеня да Мілавідскіх помнікаў і таксама ўдзельнічалі ва ўсіх судовых працэсах па Мілавідскай справе. Хачу адзначыць, што мы не скардзіліся пракурору на несправядлівае рашэнне суда па Мілавідскаму фэсту, а толькі прасілі яго правесці расследаванне гэтай справы. Бо як высветлілася на судзе, Баранавіцкі РАУС не выканаў патрабаванне пракурора і замест праверкі факта правядзення культурніцкага фэсту 2 чэрвеня ў вёсцы Русіно, склаў на Віктара Сырыцу 3 адміністрацыйныя пратаколы за Мілавіды, – паведаміў Сяргей Гоўша.
Ён дадаў, што аўтары зварота ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру напішуць паўторны ліст пракурору, каб звярнуць яго ўвагу на іншыя парушэнні заканадаўства з боку мясцовых чыноўнікаў па Мілавідскай справе 2013 года.