Бярозаўшчына: вяскоўцы абскарджваюць у пракуратуры пастанову аб умярцвленні свінняў
Рашэннем Бярозаўскага райвыканкама ад 5 жніўня 17 вёсак раёна павінны пазбавіцца пагалоўя свіней да 15 жніўня. Народу пачалі даносіць рашэнне толькі 8 жніўня. Такое рашэнне райвыканкама вельмі абурыла людзей.
Па-першае, як сказала жыхарка Сяльца Анастасія Лім, эпідэміі ў раёне няма. Як можна выканаць такое жахлівае рашэнне за 7 ці менш дзён у спёку. Мала ў каго па адным парсюку, у большасці па 2-3 і нават больш. А ёсць гаспадарка, дзе утрымліваецца 150 свіней. Па-другое, абскардзіць такое рашэнне таксама не далі часу. Як сказалі аднаму сельчуку ў райвыканкаме: скардзіцеся, адказ атрымаеце 20 жніўня, а 16 жніўня да вас прыйдуць умярцвяць вашых свіней, забяруць з двара і нават кампенсацыі не атрымаеце.
Акрамя гэтага ў Пастанове райвыканкама сказана, што тыя, хто не выканае рашэння, будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Праўда, у аб’яўках, якія з’явіліся ў населеных пунктах, гаворыцца пра адміністрацыйную адказнасць.
Жыхары вёскі Сялец накіравалі скаргу ў пракуратуру Бярозаўскага раёна і сельгасупраўленне, дзе выказалі нязгоду з рашэннем райвыканкаму. Яны лічаць, што яно памылковае. Бярозаўскі раён не ўваходзіць у буферную 40-кіламетровую зону ад месца эпідэміі, што ў іх вёсцы тыя 4 дамы, якія знаходзяцца ў 5-кіламетровай зоне ад свінафермы ў вёсцы Сашыцы, не маюць свіней. Чаму тады знішчаць тым, хто жыве ў 6-8 кіламетрах ад сфінафермы? Хаця ў Пастанове Міністэрства сельскай гаспадаркі наогул гаворыцца пра 5-цікіламетровую зону ля свінакомплексаў. Ёсць жа розніца паміж свінафермай і свінакомплексам! Тым больш, што на тых 2 свінафермах, што захоўвае бярозаўская улада, усяго да тысячы свіней. А прыйдзецца вынішчыць па грубых падліках 10 тысяч. 13 жніўня сяльчукі збіраюцца правесці сход, на які запросяць спецыялістаў раёна, вобласці і рэспублікі, каб аб’ектыўна і па-дзелавому на агульным сходзе разгледзець гэтае пытанне. Дарэчы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Юркевіч, да якога вяскоўцы звярнуліся за дапамогай, прыехаць адмовіўся. Маўляў, трэба выконваць распараджэнні.