viasna on patreon

Белыя рыцары

2013 2013-08-07T09:10:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uladzimir-khilmanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч

4 жніўня споўнілася два гады з дня арышту і фактычнага зняволення лідара праваабарончага руху Беларусі Алеся Бяляцкага. Чалавек, якога ведае фактычна ўвесь цывілізаваны свет, апынуўся за кратамі паводле выраку суда, які відавочна быў палітызаваным і вынік якога быў заранёў вызначаным. Калі ўжо была пачата крымінальная справа нібыта за нявыплату падаткаў, Алеся Бяляцкага выпускалі з краіны, ускосна нават падштурхоўвалі да гэтага. Калі б кіраўнік “Вясны” зрабіў такі крок, яго зразумела б пераважная бальшыня аднадумцаў і паплечнікаў, як мы разумеем многіх цяперашніх палітычных эмігрантаў, якім рэальна пагражала турма і якія пакінулі Беларусь. Мяркую, так думаў і сам Алесь Бяляцкі, свядома робячы свой выбар і асэнсоўваючы наступствы зняволення. Але ёсць людзі на гэтым свеце, якія дакладна ведаюць сваю місію і сваё прызначэнне. Перакананы, што калі Алесь Бяляцкі пастанавіў сабе змагацца за праўду да апошняга, ён думаў ня толькі пра сябе. Алесь Бяляцкі – гэта сапраўдны рыцар свабоды. Ён думаў і пра тых людзей – палітычных вязняў, якія ўжо былі за кратамі пасля Плошчы 2010 году, і пра тых людзей, якія былі на свабодзе, але маглі туды трапіць. Ён напэўна думаў і пра агульную беларускую сітуацыю, на якую, седзячы за мяжой, ён наўрад ці мог так уплываць. Ён зрабіў свой маральны выбар. Ён заставаўся ў Беларусі да канца і на самым працэсе яшчэ раз выразна і сваёй паставай і лагічнымі аргумантамі сцвердзіў сваю невінаватасць і адпаведна абсурднасць абвінавачвання. Ён цудоўна ўсведамляе свой высокі статус у сусветным праваабарончым руху. Ахвяруючы сваёй асабістай свабодай, Алесь Бяляцкі прыцягваў і прыцягвае далей увагу міжнародных структураў і арганізацый да грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. А праваабарончы цэнтр “Вясна”, які стварыў з сябрамі і паплечнікамі Алесь Бяляцкі, дапамог ужо за сваю сямнаццацігадовую гісторыю тысячам без віны пацярпелым суграмадзянам. І працягвае сваю высакародную дапаможную місію надалей, фармуе беларускую салідарнасць і грамадзянскую супольнасць, нягледзячы на сістэмны пераслед у розных формах яго сябраў.

За апошні час мне прыйшло праз пошту некалькі лістоў – ад Алеся Бяляцкага, ад Зміцера Дашкевіча, ад Паўла Севярынца. Тры палітвязні, тры змагары, тры вернікі – прычым прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Не перастаю здзіўляцца моцы і нязломнасці духу гэтых людзей, якія знаходзячыся ў зняволенні, працягваюць натхняць іншых, усіх нас, якія жывуць і працуюць у значна больш камфортных умовах. У сваіх лістах яны часта спасылаюцца на евангельскія тэксты, якія сілкуюць іх дух. Увогуле, усе нашы дванаццаць палітвязняў, якія зараз у турмах – гэта сапраўдныя апосталы духу, белыя рыцары нашай свабоды. У гэтым была магчымасць пераканацца неаднаразова, гэта ціхія, але выразныя героі, якія ратуюць гонар нацыі, што ў сваёй пераважнай бальшыні пагрузла ў крывадушнасці і абыякавасці, у хцівасці і злоснасці, у зайздрасці і прыстасаванстве. Ратуюць гонар нацыі, што ніяк не можа ў сваёй крытычнай масе адрозніць свайго і сапраўднага ад чужынскага і фальшывага.

А дзяржаўная ўлада, якой бы магутнай яна не здавалася, заўсёды прайграе тым каго яна несправядліва пераследуе, чым бы не скончылася зняволенне гэтых мужных людзей. Таму ёсць шматлікія прыклады з гісторыі – даўняй і найноўшай. Ва ўлады ёсць толькі адно выйсце хоць неяк уратаваць сваё аблічча – гэта неадкладна выпусціць палітычна зняволеных і поўнасцю іх рэабілітаваць. Наўрад ці ўлада на гэтае здольная, хоць на гэтым свеце здараецца ўсялякае.

Беларусь – вялікая краіна не толькі таму, што мае надзвычай багатую гістарычную і культурную спадчыну. Беларусь – вялікая краіна і таму, што мае сёння такіх самаахвярных сыноў, мае такіх змагароў за справядлівасць, мае такіх Белых рыцараў…

Уладзімір Хільмановіч, harodniaspring.org

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства