Агітацыю за байкот забароняць, другі тур скасуюць
Лідзія Ярмошына апавяла, што новага будзе ў Выбарчым кодэксе.
6 жніўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі
па рэфармаваньні Выбарчага кодэксу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына распавяла
пра чаканыя ў гэтым законе зьмены, якія мяркуецца ўхваліць
на асеньняй сэсіі парлямэнту.
Лідзія Ярмошына заявіла, што гэты законапраект — перадусім ініцыятыва ЦВК:
«На наш погляд, ён паляпшае прававыя, палітычныя
і арганізацыйныя ўмовы правядзеньня выбараў», — цытуе Ярмошыну прэсавая
служба Лукашэнкі.
Паводле Лідзіі Ярмошынай, большая частка зьменаў тычыцца правядзеньня выбараў
дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Перш за ўсё — мяняецца парадак
падвядзеньня вынікаў выбараў: прапануецца праводзіць іх у адзін тур
пры захаваньні дзейнага цяпер бар’ера яўкі выбаршчыкаў — 50 працэнтаў
плюс адзін голас.
«У выпадку правядзеньня альтэрнатыўных выбараў пераможца вызначаецца
перавагай галасоў у адносінах да канкурэнтаў, гэта значыць больш
хоць бы на адзін голас. Калі выбары будуць праводзіцца
на безальтэрнатыўнай аснове, дэпутат будзе абраны, калі за яго
прагаласуе больш за 50% выбаршчыкаў, якія возьмуць удзел
у галасаваньні», — распавяла Ярмошына.
Пераможца вызначаецца перавагай галасоў у адносінах да канкурэнтаў
Уносіцца зьмяненьне ў сыстэму выбарчых камісіяў, якія ўтвараюцца пры
правядзеньні выбараў Палаты прадстаўнікоў. Мяркуецца дадаткова ўтвараць 7 тэрытарыяльных
выбарчых камісіяў, шэсьць абласных і Менскую гарадзкую, якім будзе
перададзены шэраг паўнамоцтваў ад цэнтральнай камісіі.
Улічваючы, што большасьць рашэньняў на выбарах дэпутатаў Палаты
прадстаўнікоў прымаецца на ўзроўні акруговых камісіяў, прапануецца
інстытут сябра камісіі з правам дарадчага голасу пры правядзеньні
парлямэнцкіх выбараў перанесьці з узроўню ЦВК на ўзровень акруговых
выбарчых камісіяў.
Ярмошына паведаміла таксама, што прапануецца ўвесьці забарону
на правядзеньне агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў,
і зьмяніць парадак фінансаваньня перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў
у прэзыдэнты і дэпутаты.
Апрача таго, прапанавана адмовіцца ад бюджэтнага фінансаваньня агітацыйных
выдаткаў кандыдатаў і перадаць гэтыя сродкі мясцовым тэрытарыяльным
і акруговым выбаркамам, каб тыя выраблялі інфармацыйныя буклеты
і разам з запрашэньнем наведаць выбарчы ўчастак рассылалі
іх выбаршчыкам.
Пры гэтым за кандыдатамі ў дэпутаты і прэзыдэнты будзе захавана
права на бясплатнае выкарыстаньне дзяржаўных СМІ для перадвыбарных
выступленьняў, дэбатаў і публікацыі праграмаў. Кандыдатам
у прэзыдэнты і дэпутаты ўсіх узроўняў даецца права ствараць асабістыя
фінансавыя фонды за кошт уласных сродкаў, а таксама сродкаў грамадзян
і юрыдычных асоб.
У сувязі з спыненьнем бюджэтнага фінансаваньня агітацыйных выдаткаў
Лідзія Ярмошына прапанавала ў 5 разоў павялічыць гранічныя памеры
фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзыдэнты — з 3 тыс.
да 15 тыс. базавых велічыняў, а кандыдатаў у дэпутаты
Палаты прадстаўнікоў — у тры разы, да 3 тыс. базавых
велічыняў.
Па словах Лідзіі Ярмошынай, у дапрацаваным варыянце законапраект
да 30 жніўня будзе ўнесены кіраўніку дзяржавы, а далей паступіць
на разгляд у парлямэнт.