viasna on patreon

З журналістаў “Вольнага горада” патрабуюць грошы за судовыя выдаткі

2013 2013-08-05T21:39:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/niarounysiarhej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рэдактар незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны

Рэдактар незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны

У суботу 3 жніўня рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны атрымаў чарговы пазоў у судзе Крычаўскага раёна.

Начальнік КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” А. В. Фралоў просіць суд Крычаўскага раёна спагнаць з выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава, яе рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста выдання Мікалая Гердзія на карысць ПМК грашовыя сродкі ў суме 900 тысяч рублёў у лік пакрыцця выплачанай прадпрыемствам дзяржпошліны і аплаты паслуг адваката.

 Нагадаем, што 17 чэрвеня суд Крычаўскага раёна вынес рашэнне па іску “аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд  прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету апублікаваць абвяржэнне.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны кажа, што рашэнне аб выплаце якіх-небудзь грошай на карысць Чэрыкаўскай ПМК-280 можа быць прынятае толькі пасля разгляду касацыйнай скаргі выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава ў Магілёўскім абласным судзе.

“ Журналісты газеты “Вольны горад” не лічаць сябе вінаватымі, - кажа Сяргей Няроўны. – Мы спадзяёмся, што тэмін падачы касацыйнай скаргі будзе адноўлены, і яна ўсё ж будзе разгледжана ў Магілёўскім абласным судзе, на справядлівае рашэнне якога мы спадзяёмся. Тады і будзе зразумела, ці патрэбна нам плаціць нейкія грошы, гэта чыста тэхнічнае пытанне. Ну а гэты пазоў  аб выплаце грошай, як і іншыя пазовы з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”, я лічу – працяг разнастайных спроб з боку ідэолагаў і кіраўніцтва Чэрыкаўскага райвыканкама заткнуць нам рот, каб мы перасталі змяшчаць у газеце “Вольны горад” крытычныя матэрыялы наконт існуючых у Чэрыкаўскім раёне парадкаў”.

Нагадаем таксама, што некалькі дзён таму адміністрацыя КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” падала чарговы пазоў у суд Крычаўскага раёна, у якім зноў вінаваціць газету “Вольны горад” у дыскрэдытацыі кіраўніцтва прадпрыемства і падрыве дзелавой рэпутацыі ПМК-280. Падставай для пазова паслужыў артыкул “З абвяржэннем пачакаем”, падпісаны Ганнай Владавай, які быў змешчаны ў нумары газеты “Вольны горад” ад 29 чэрвеня. Суд Крычаўскага раёна разгледзіць гэты пазоў КУП “Чэрыкаўскага ПМК-280” да газеты “Вольны горад” 29 жніўня ў 10-00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства