Бабруйск: Грамадскага абмеркавання не будзе (дакумент)
Пасля таго, як на вуліцы Чапаева, на месцы дзіцячай пляцоўкі, разгарнулася будоўля прадуктовай крамы, жыхары бліжэйшых дамоў звярнуліся ў розныя інстанцыі з просьбай правесці грамадскае абмеркаванне. Будоўля знішчыла палову гульнявой пляцоўкі, а таксама некалькі дрэваў.
-Пытанне будоўлі ад пачатку не абмяркоўвалася з жыхарамі, аб гэтым мы казалі ў першым калектыўным звароце ў гарвыканкам, аб гэтым я пісала пазней, у кожным звароце да чыноўнікаў. Адметна, што наконт абмеркавання мне спачатку нічога не адпісвалі, ігнаравалі. Пісалі, што будоўля ўзгоднена з гарвыканкамам, і ўсё. І толькі калі я даслала адпаведны зварот у адміністрацыю прэзідэнта, а яго перанакіравалі ў Магілёўскі аблвыканкам, мне адказалі па тэме, - кажа Ала Шпакава, жыхарка інтэрната № 72 б.
У лісце за подпісам першага намесніка старшыні аблвыканкама Анатоля Чорнага гаварыцца, што на ўчастку пад жылымі дамамі прадугледжана будаўніцтва гандлёвага аб’екта, і гэта зацверджана гарвыканкамам. Пераход права арэнды прыдамавой тэрыторыі быў зарэгістраваны на ТАА “Белгравія” яшчэ мінулай восенню.
-Мясцовыя жыхары думалі, што гэтая пляцоўка – для іх адпачынку, для іх дзяцей, а апынулася ўсё не так. Калі прыдамавая тэрыторыя атрымала статус арэнднай і дзе яе межы, гэта мы яшчэ будзем высвятляць. Бо Анатоль Чорны напісаў, што “дваравая тэрыторыя не закранута будаўнічай пляцоўкай”. На жаль, сыходзячы з гэтай афіцыйнай паперы, грмадскіх абмеркаванняў мы ўжо не дачакаемся, - мяркуе бабруйчанка.
Чыноўнік піша, што па пункту 5 Палажэння “Аб парадку правядзення грамадскіх амеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці” пры наяўнасці зацверджаных праектаў грамадскія абмеркаванні не праводзяцца. “Пры гэтым замоўца, падрадчык абавязаны ў даступным для агляду месцы размесціць інфармацыю аб аб’екце будаўніцтва, што першапачаткова не было зроблена”, - гаварыцца ў лісце.
-Анатоль Чорны пагаджаецца з тым, што адсутнасць пашпарта будоўлі, якога тут доўгі час не было, гэта парушэнне. Але, напэўна, не настолькі сур’ёзнае, раз крама дасюль будуецца. Нас “суцешылі”, што гарвыканкаму даручана кантраляваць, каб замоўцы выконвалі патрабаванні, але пляцоўку нам гэта не верне, - адзначае Ала Шпакава. – Вельмі шкада, што меркаванне жыхароў нікому не цікава, і нідзе не ўлічваецца.