Гомель: праваабаронца правёў акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім (фота)
Гомельскі праваабаронца Анатоль Паплаўны 4 жніўня правёў у абласным цэнтры акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім. Ён распаўсюдзіў сярод жыхароў Гомеля некалькі соцень паштовак з інфармацыяй аб вядомым праваабаронцы, палітычным вязні, які быў арыштаваны беларускімі 4 жніўня 2011 года. Паштоўкі былі распаўсюджаны на рынку «Украінскі», на прыпынках грамадскага транспарту ў цэнтры гораду, пачынаючы ад Гомельскага дзяржаўнага універсітэту ім.Ф.Скарыны (тут вучыўся і пачынаў займацца грамадскай дзейнасцю Алесь Бяляцкі).
Мінакі з цікавасцю прымалі паштоўкі, задавалі пытанні, бо многія і не ведалі, што беларускі праваабаронца сядзіць у турме за сваю дзейнасць. Былі і такія, што адмаўляліся браць у рукі паштоўкі, чуючы словы «палітычны зняволены».
«Гэты дзень, 4 жніўня, знакавы для нас, праваабаронцаў. У гэты дзень нашага лідэра кінулі за краты менавіта за яго праваабарончую дзейнасць. Але Алесь Бяляцкі і ў турме на скарыўся: працягвае актыўна працаваць, рыхтуе кнігі да друку, шмат піша. Упэўнены, што Бог і праўда на яго баку, і мы дачакаемся яго на волі. Жадаю Алесю мужнасці», - пракаментаваў Анатоль Паплаўны.
Нагадаем, сёння спаўняецца роўна два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага - віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна». Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Заяўкі на правядзенне 4 жніўня пікетаў салідарнасці з палітвязнямі былі пададзеныя ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гомелі, але ўсюды ўлады забаранілі масавыя мерапрыемствы.
Напярэдадні Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі Міжнародная федэрацыя за правы чалавека ў чарговы раз заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць віцэ-прэзідэнта арганізацыі Алеся Бяляцкага. З такім жа патрабаваннем выступілі спецдакладчык па Беларусі Савета па правах чалавека ААН Міклаш Харашці і афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мары Харфпо.
2 жніўня пятнаццаць дэпутатаў - Еўрапарламента, Германіі і Швейцарыі - выступілі з сумеснай заявай аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у якім заклікалі беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, а таксама ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне». Дэпутаты заклікаюць усе дзяржавы ЕС і еўрапейскіх палітыкаў адмовіцца ад супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі да той пары, пакуль іх патрабаванні адносна правоў чалавека застаюцца нявыкананымі.