Незалежнае выданьне «Витебский курьер» падпісала дамову на друк да 1 траўня
Незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі вымушаныя пераадольваць шматлікія цяжкасьці на шляху да чытача. У аўторак ня выйшаў з друку чарговы нумар газэты «Витебский курьер». Абласная друкарня адмовілася друкаваць газэту з прычыны запазычанасьці. Адмовіліся друкаваць газэту і ў іншых гарадох вобласьці — у Полацку й Воршы.
Паводле галоўнага рэдактара «Витебского курьера» Ўладзімера Базана, запазычанасьць не была надта вялікай. Дзяржаўныя выданьні не спыняюць выхаду, маючы значна больш вялікія пазыкі.
У пятніцу сытуацыя палепшылася. На пытаньне «Польскага радыё», ці будзе выдавацца газэта «Витебский курьер», галоўны рэдактар Уладзімер Базан адказаў станоўча.
«Пакуль будзе. Я быў у дырэктара Абласной віцебскай тыпаграфіі. Дамова заключаная да 1 траўня. Гэта добрая навіна. Адзін нумар мы надрукавалі на прынтэры. А два нумары, якія ня выйшлі, будуць друкавацца ў меншым фармаце. Але мы маем намер захаваць ранейшы фармат. У нас вялікая праблема з тым, што бываюць затрымкі з заробкам, з ганарарамі. Дык цяжка ўтрымаць добрых спэцыялітаў. Горад невялікі, знайсьці для працы добрага журналіста, або кампутаршчыка амаль немагчыма. Тым больш з нашым ненадзейным становішчам. Або грошай ня будзе, або яшчэ нешта... Такіх людзй вельмі мала», -- паведаміў рэдактар.
Газэта «Витебский курьер» існуе ўжо 17 гадоў. Цяпер газэта працуе ў надзвычай складаных умовах, бо газэту нельга прадаваць у шапіках “Саюздруку”, адмовілася таксама ад распаўсюджваньня “Белпошта”. Супрацоўнікі самі разносяць газэту па адрасах падпішчыкаў.
Мінулым летам выхад перапыніла наваполацкая газэта «Химик». Апроч газэты «Витебский курьер», на Віцебшчыне засталася толькі адна незалежная газэта — «Вольнае Глыбокае».