«За справядлівыя выбары» выклікалі Мін’юст у суд
Вярхоўны суд 31 ліпеня разгледзіць скаргу на Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню «За справядлівыя выбары».
17 ліпеня адбылася папярэдняя сустрэча ў Вярхоўным судзе. Віктар Карняенка ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды падвёў яе вынікі:
«Мы не летуценьнікі, мы разумеем, чаго чакаць. Гэта было дзяжурнае мерапрыемства. Судзьдзя спытаў, ці ёсьць дадатковыя звароты, доказы ці іншыя матэрыялы. Узгаднілі дату пасяджэньня, і ўсё. Але ж сытуацыя ў краіне не памянялася, і мы разумеем, што ўсё пойдзе далей па звыклым сцэнары. Мы рыхтуемся. Зразумела, што падставы, якія знайшоў Мін’юст, несур’ёзныя, і мы гатовыя іх абвяргаць. Нам нават не прапаноўвалі
знайсьці нейкі кампраміс, пагадненьне з адказчыкам. Гэта сьведчыць пра
тое, што нічога нечаканага там не адбудзецца».
Карэспандэнт: «І тым
ня менш вы абскарджваеце рашэньне Мін’юста. Чаму?»
Карняенка: «Трэба, каб
як мага больш людзей ад улады спрычыніліся да гэтага рашэньня.
Калі ставіш у такую сытуацыю выбару — ці парушаць закон
пэрсанальна, пад сваю адказнасьць, ці не, — то звычайна
чыноўнікі адчуваюць сябе няўтульна. Таму гэта правільная пазыцыя. Няхай суд
таксама ўсьлед за Мін’юстам пацьвердзіць, што ён не стаіць
на баку закону. А ў нас яшчэ застаецца інстанцыя — Камітэт
па правах чалавека ААН. Зразумела, што ня вельмі эфэктыўная абарона,
але мы таксама будзем яе выкарыстоўваць другі раз. Мінулым разам
мы таксама падавалі такую скаргу, і яна ўжо зарэгістраваная».
Карэспандэнт: «Незалежна
ад рашэньня Вярхоўнага суду, дый Мін’юста, кампанія „За справядлівыя
выбары“ працягне сваю дзейнасьць? Вы будзеце назіраць за бліжэйшымі
мясцовымі выбарамі?»
Карняенка: «Абавязкова кампанія будзе. Яна будзе праводзіцца і падчас мясцовых выбараў, і на наступных. Рэгістрацыя да гэтага мае мала дачыненьня. Хоць некаторыя тэхналягічныя пытаньні, як, напрыклад, вылучэньне кандыдатаў у камісіі ці вылучэньне назіральнікаў, было б значна прасьцей вырашаць. Але гэта ня ёсьць істотнай перашкодай, якая можа спыніць кампанію. Кампанія абавязкова будзе, як будзе і працяг па стварэньні аб’яднаньня. Будзе трэцяя, чацьвёртая, пятая спроба. Проста Мін’юсту шукаць новыя падставы ўсё складаней, і гэта выглядае ўсё больш недарэчна».
Карэспандэнт: «І ўсё ж,
чаму тады патрэбная рэгістрацыя аб’яднаньня?»
Карняенка: «Мы маем такое
права як грамадзяне, і чаму б яго нам не скарыстаць?
І няхай улада дэманструе, што і Канстытуцыя, і ўсе законы, якія
тут прымаліся і кулюарна, і праз рэфэрэндумы з шумам
і гамам, не працуюць. Што ўсё гэта ёсьць бутафорыя, якая створана
толькі для агульнага антуражу. А насамрэч на правы чалавека гэта
не працуе».
Сёлета ў сакавіку ў Менску прайшла
ўстаноўчая канфэрэнцыя новага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня
«За справядлівыя выбары». У канфэрэнцыі ўдзельнічалі 102 прадстаўнікі
з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія раней бралі ўдзел у назіраньні
за выбарамі 2010–2011 гадоў у рамках аднайменнай ініцыятывы. Дэлегаты
канфэрэнцыі ўхвалілі статут арганізацыі, абралі кіроўныя органы. Сустаршынямі
новай праваабарончай арганізацыі сталі Сяргей Калякін і Віктар Карняенка.
Аб’яднаньне «За справядлівыя выбары»
спрабавала зарэгістравацца другі раз. Першая спроба была зроблена ў 2011
годзе пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.
Скаргу на Мін’юст падалі ў Вярхоўны
суд Сяргей Калякін, Віктар Карняенка і Валер Ўхналёў.