viasna on patreon

Макей возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС і Усходняга партнёрства ў Бруселі

2013 2013-07-19T16:18:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/makej.jpg
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Еўрасаюза і Усходняга партнёрства, якая адбудзецца 22 ліпеня ў Бруселі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, гэты візіт адбудзецца па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле.

"Удзельнікі сустрэчы абмяняюцца меркаваннямі аб стане і перспектывах супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства, а таксама абмяркуюць пытанні падрыхтоўкі да трэцяга саміта УП, які пройдзе ў Вільнюсе 28—29 лістапада, — гаворыцца ў паведамленні. — Плануецца правядзенне рабочых сустрэч кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі з кіраўніцтвам еўраструктур, кіраўнікамі дэлегацый шэрагу краін — членаў ЕС і дзяржаў-партнёраў".

Варта зазначыць, што 18 ліпеня Міжнародная федэрацыя за правы чалавека аб'явіла пра тое, што мае намер правесці акцыю супраць візіту Макея. Акцыя будзе праходзіць у Бруселі і пачнецца ў 12.00.

У сваёй заяве МФПЧ падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца "вельмі трывожнай". "Няма не толькі нейкага прагрэсу, але таксама ясна бачна, што адсутнічае палітычная воля да якіх-небудзь істотных зменаў у пытанні павагі да правоў чалавека і дэмакратыі", — гаварылася ў паведамленні.

24 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС у Люксембургу было прынята рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Разам з тым Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя).

У паведамленні па выніках пасяджэння гаварылася: "Савет спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Каб аблегчыць кантакты, савет сёння прыпыніў забарону на ўезд для беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства