viasna on patreon

Дзень народзінаў за кратамі

2013 2013-07-19T14:59:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkievich-viazien.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч трэці год запар сустракае свае народзіны за кратамі. 20 ліпеня лідару “Маладога Фронту” і вязню сумлення спаўняецца 32 гады.

Жонка палітзняволенага Наста Дашкевіч напярэдадні вандроўкі да турмы ў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя распавяла пра падарункі для мужа, каханне і дзяцей.

РР: Наста, ты, як сапраўдная Пенелопа, чакаеш свайго Адысея. Але не з-за мора, а з турмы. Калі Зміцер мусіць вярнуцца да цябе?

Наста Дашкевіч: Павінен вярнуцца 28 жніўня, калі не будзе ніякіх новых правакацый. А так чакаю яго праз паўтара месяца дахаты

РР: Ці прыгатавала ты нейкі падарунак для мужа? І ці паедзеш да яго святкаваць?

Наста Дашкевіч: Так, я паеду да турмы ў гэты дзень – ужо як трэці год запар. Што тычыцца падарунка, то, вядома, стараюся што-небудзь кожны год выдумаць. Нейкія фотаздымкі альбо фота падарунка, які падрыхтаваны... Карацей, усё, што можна даслаць поштай.

РР: Увогуле, а што дазваляецца беларускаму палітвязню ў дзень народзінаў? Ці можна накрываць стол, запрасіць гасцей, слухаць музыку?

Наста Дашкевіч: Калі гэта калонія альбо ШІЗА, то ўсё магчыма. А калі гэта турма строгага рэжыму, як у Зміцера, то немагчыма. Па-першае, ён там адзін. А па-другое, там няма ні тэлевізара, ні чагосьці іншага. Таму гэты дзень, у прынцыпе, нічым асаблівым не адрозніваецца, хіба што добрым настроем і, спадзяюся, вялікай колькасцю паштовак. Ну, а таксама адказнасцю, звязанай з тым, каб адпісаць усім тым людзям, якія яго павіншавалі.

РР: Як зараз адчувае сябе Зміцер? Які стан яго здароўя?

Наста Дашкевіч: Слава Богу, усё добра. Больш-менш бадзёра адчувае сябе. Ён не скардзіцца ні на што, але гэта больш і рыса характару Зміцера. Датычна таго, ці ёсць нейкія праблемы або не, я пабачу пазней, калі ён вызваліцца. Але ён ні на што не наракае.

РР: Што ён піша ў лістах да цябе?

Наста Дашкевіч: Ён мае добры дух і добры настрой, жартуе, спадзяецца, што ўсё будзе ў парадку, што мы пабачымся. Але спадзяецца, безумоўна, з асцярогай, бо разумее, што на 100% разлічваць на штосьці не даводзіцца.

РР: Ці выпрабаванні, якія прыпалі на вашую сям’ю, узмацнілі пачуцці паміж вамі?

Наста Дашкевіч: Прынамсі, гэтыя выпрабаванні пераканалі нас у правільнасці выбару кожнага. Хочацца сям’і, дзяцей... Хочацца дагнаць увесь той час, які ў нас забралі.

РР: Колькі дзетак вы плануеце, калі не сакрэт?

Наста Дашкевіч: Ды колькі Бог дасць. Я за вялікія сем’і.

РР: Ці з’яўляліся думкі з’ехаць з Беларусі, каб пачаць звычайнае, апалітычнае жыццё?

Наста Дашкевіч: Не, такіх думак ніколі не было. Я ніколі не хацела з’ехаць з Беларусі, а Зміцер тым больш. Недарэмна ж ён праходзіў такі складаны шлях. Ён бы мог у любы момант спыніцца, калі б вырашыў, што з яго дастаткова. Зміцер разумее сваю невінаватасць, неабходнасць бараніць свой гонар і гонар тых людзей, якія вераць у яго і якія побач з ім

РР: Пра гісторыю вашага кахання можна здымаць стужкі і пісаць кнігі. Калі вашыя дзеткі спытаюць: “Мама, а што ты знайшла ў таце?” – што ты ім адкажаш?

Наста Дашкевіч: Калі я толькі пазнаёмілася са Зміцерам, то гэта, відаць, была дабрыня, шчырасць. У яго было разуменне асабістага гонару, адказнасці за людзей, за блізкіх, за краіну. У яго вельмі добры мужчынскі характар, які можа быць прыкладам бацькі, мужа, сябра. Гэта быў той чалавек, з якім было спакойна, які натхняў. Якая жанчына не марыць пра мужчыну, які робіць подзвігі?!

РР: Зміцер – твой герой?

Наста Дашкевіч: Безумоўна.

РР: А якое месца постаць Зміцера Дашкевіча займае ў сучаснай Беларусі?

Наста Дашкевіч: Гэта расцэніць гісторыя. Бо не хочацца быць нейкімі нарцысамі і казаць гучныя і пафасныя словы. Я думаю, час усё расставіць па сваіх месцах. Галоўнае, што Зміцер усё робіць правільна і згодна са сваім сумленнем. І я веру, што ўсё будзе паводле справядлівасці. І для Зміцера, які шмат перацярпеў, і для тых, хто арганізоўваў крымінальныя справы супраць.

Цягам апошніх трох год мы сустракаем дзень яго народзінаў у турмах. У Зміцера і раней былі арышты. Таму ў нас няшмат было дзён нараджэння. Віншую яго цяпер праз лісты. І зараз найперш пажадала б яму моцнага душэўнага спакою і разумення, што ўсё рухаецца правільна, па Божай волі. Я ўпэўнена, што ўсё будзе ў парадку, што, калі ён выйдзе, яго чакае шчаслівае заўтра.

У 2011 годзе маладзёвы апазіцыйны актывіст быў пакараны двума гадамі пазбаўлення волі за “злоснае хуліганства”. За кратамі па новаму прысуду ён атрымаў яшчэ адзін год.

Выйсці з турмы палітвязень мусіць 28 жніўня. Радыё Рацыя віншуе Змітра Дашкевіча з народзінамі і жадае яму хуткага вызвалення!

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства