Шчучын: па факце знішчэння крыжа ў гонар камандзіра Арміі Краёвай пададзена скарга ў пракуратуру
Старшыня незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Мечыслаў Яськевіч і сябра гэтай арганізацыі Вераніка Себасьцяновіч склалі скаргі ў Гарадзенскую абласную пракуратуру на прадмет акту вандалізму ў Шчучынскім раёне.
17 ліпеня ў Рачкаўшчыне, што паблізу Бакштаў (Шчучынскі раён) у адсутнасць гаспадароў на прыватнай тэрыторыі быў спілаваны крыж, пастаўлены ў гонар камандзіра аб’яднаных збройных сілаў Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які загінуў у гэтай мясцовасці ў 1949-ым годзе ў баі з энкавэдыстамі. Крыж быў урачыста ўсталяваны 12 траўня бягучага года, тады ж на прыватным хутары адбылося набажэнства. Пазней міліцыя склала некалькі пратаколаў пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
19 чэрвеня бягучага года Шчучынскім раённым судом Мечыслаў Яськевіч быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь – 4 мільёны беларускіх рублёў, Вераніка Себасьцяновіч – на 25 базавых – 2 мільёны пяцьсот тысяч.
Прадстаўнікі Саюзу палякаў выказваюць меркаванне, што акт вандалізму быў здзейснены паводле непасрэднага загаду ўлады – на месцы знішчанага крыжа былі выяўлены сляды ад грузавога аўтамабіля.