viasna on patreon

25 некамэрцыйных арганізацыяў прапанавалі правесьці парлямэнцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства аб НКА

2013 2013-07-17T11:09:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zakony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 ліпеня ў парлямэнт і ўрад Беларусі быў накіраваны калектыўны зварот 25-ці некамэрцыйных арганізацыяў з прапановай правесьці парлямэнцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях.

Нагодай для зварота стала прыняцьце Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні законапраекта “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. Як адзначаецца ў звароце, гэты праект утрымлівае ў сабе пэўныя станоўчыя зьмены, але ён не вырашае самых істотных  прававых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, не была рэалізаваная першапачатковая прапанова суб’екта заканадаўчай ініцыятывы пра ўрэгуляваньне статусу аддзяленьняў міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў, захаваліся павышаныя патрабаваньні для колькасьці заснавальнікаў для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў у параўнаньні з мясцовымі арганізацыямі. 

“Практыка стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі мае шэраг іншых рознаскіраваных аспэктаў, у якіх сасьпела патрэба ўдасканаленьня заканадаўства. Сярод іх такія важныя тэмы, як забарона на дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў і крымінальная адказнасьць за такую дзейнасьць, неурэгуляванасьць у заканадаўстве дабрачыннай дзейнасьці, прыраўноўваньне любых ананімных ахвяраваньняў да замежнай бязвыплатнай дапамогі са складаным парадкам яе рэгістрацыі і выкарыстаньня, неабходнасьць прававога ўрэгуляваньня валянтэрскай добраахвотнай працы ды іншыя” – адзначаецца ў звароце.

У якасьці сродка паляпшэньня прававога клімата для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці аўтары зварота прапануюць напярэдадні другога чытаньня законапраекта правесьці парлямэнцкія слуханьні па тэме: “Удасканаленьне прававых умоваў для стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых некамэрцыйных арганізацыяў”. Гэткая форма парлямэнцкай працы не выкарыстоўвалася беларускім парлямэнтам з лістапада 2010 году, калі адбыліся парлямэнцкія слуханьні па стратэгіі інавацыйнага разьвіцьця. Мэханізм парлямэнцкіх слуханьняў дазваляе ўлічыць меркаваньні шырокага кола дзяржаўных і недзяржаўных экспэртаў і зацікаўленых групаў. Гэта будзе карысна ня толькі дзеля падрыхтоўкі згаданага законапраекта да другога чытання, але і для абмеркаваньня інтарэсаў грамадзкіх аб’яднаньняў адносна зьменаў і дапаўненьняў у іншыя заканадаўчыя акты.

Са свайго боку НКА, якія падпісалі зварот, дэкляравалі гатоўнасьць зрабіць свой унёсак у распрацоўку праграмы такіх слуханьняў, у тым ліку зрабіць паведамленьні па канкрэтных аспэктах удасканаленьня заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях.

Важнасьць уліку меркаваньняў грамадзкасьці пры рэфармаваньні заканадаўства пра грамадзкія аб’яднаньні павялічваецца ў сьвятле рэкамэндацыяў, атрыманых Рэспублікай Беларусь па выніках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН па правах чалавека ў 2010 годзе. Менавіта ўдасканаленьне заканадаўства і практыкі ў гэтай галіне стала прадметам рэкамэндацыяў, выказаных на адрас Беларусі ў межах гэтай працэдуры ААН  з боку Бельгіі, Балівіі, Канады, Чэхіі, Францыі, Інданэзіі, Ірляндыі, Ізраіля, Літвы, Нідэрляндаў, Польшчы, Гішпаніі, Швэйцарыі.

Калектыўны зварот аба правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў быў ініцыяваны Цэнтрам прававой трансфармацыі і Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Зварот падпісалі 25 грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых некамэрцыных аб’яднаньняў, у тым ліку Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, дабрачынны фонд “Вяртаньне”, Цэнтар “Супольнасьць”, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Фонд імя Льва Сапегі, Беларуская арганізацыя працоўных жанчынаў ды іншыя аўтарытэтныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці.

Тэкст звароту з пералікам арганізацыяў, якія яго падпісалі – у дадатку. 

 

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства