Актывістка апазіцыі з Магілёва на сустрэчы з журналістамі расказала падрабязнасьці свайго скраданьня і знаходжаньня ў псіхіятрычнай больніцы
Нагадаем, што К. Шацікаву затрымалі 22 сакавіка ў Менску і адвезьлі ў Магілёў, дзе адбыўся допыт у КДБ. Паводле слоў жанчыны, супрацоўнікі камітэту пераконвалі Крысьціну ня ехаць 25 сакавіка ў Менск, але яна адмовілася. Амаль адразу па выхадзе з будынку да сп. Шацікавай пад’ехала нейкая машына і людзі ў цывільным уцягнулі туды. Крысьціна сьцьвярджае, што ў машыне яе спрабавалі згвалтаваць.
Пазьней, зазначае жанчына, яе адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь, дзе прывязалі да ложку і калолі псыхатропнымі прэпаратамі, сярод якіх быў сібазон. К. Шацікава кажа, што вельмі кепска пачуваласся. «Перад вачыма я бачыла нейкія крывавыя плямы. Я абсалютна не хадзіла ў прыбіральню, а таксама ня ела. Калі ў мне стала зусім кепска з сэрцам, то мне далі валідол. Маці перадала мне цыгарэты і шакалядку, а таксама запіску «Я цябе алю». «Алю» — гэта зь дзяцінства, тады я не магла вымавіць слова «люблю». Урачы пачалі пытацца, што гэта значыць, я сказала як ёсьць. Яны не паверылі, укалолі мне нейкае рэчыва, каб я заснула і пачалі рабіць поўны вобшук».
Крысьціна кажа, што ўрачоў больш цікавіў ня ейны стан здароўя, а адносіны з моладзевымі актывістамі і арганізацыямі. «Адны і тыя ж пытаньні яны задавалі па некалькі разоў», кажа Шацікава.
Зараз Крысьціна Шацікава зьбіраецца правесьці незалежную мэдычную экспэртызу, каб пераканацца, што яна здаровая. Таксама яна напісала ліст на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры са скаргай на супрацьзаконныя дзеяньні супрацоўнікаў шпіталю і тых людзей, што яе скралі.