viasna on patreon

Васіль Сарочык працягвае змагацца зь міліцыяй

2013 2013-07-16T12:59:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sarochyk.jpg
Васіль Сарочык

Васіль Сарочык

Раней судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Валеры Есьман адхіліў скаргу Сарочыка на закрыцьцё крымінальнай справы супраць чатырох міліцыянтаў, якія зьбівалі яго.

У сваёй пастанове судзьдзя Есьман адхіліў усе паказаньні Сарочыка і зазначыў, што ў дзеяньнях опэрупаўнаважанай Жанны Багданоўскай «адсутнічае склад крымінальнага злачынства, а праяўляюцца прыкметы дысцыплінарнай правіны».

Васіль Сарочык назваў рашэньне судзьдзі Есьмана несправядлівым. Ён заявіў Свабодзе, што будзе далей змагацца за тое, каб пакараць міліцыянтаў, якія яго зьбівалі. Цяпер разам з адвакатам ён рыхтуе скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

«Яны адпіраюцца. Але мы будзем ісьці да канца, будзем абскарджваць далей. Нам з адвакатам толькі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску ў Есьмана далі пазнаёміцца з крымінальнай справай, якая складаецца з трох тамоў. Мы там цэлы месяц сядзелі, бо калі прадстаўнікі Сьледчага камітэту выходзілі з пакоя, то і нам трэба было выходзіць, таму за дзень удавалася вывучыць па некалькі старонак».

Васіль Сарочык сказаў, што кіраўніцтва аўтастаянкі і калегі яго цалкам падтрымліваюць у змаганьні за праўду.

«Я хацеў заяву напісаць на звальненьне, але дырэктар сказаў: я паўстаянкі разганю, але ты ня звольнісься. Мяне падтрымліваюць, кажуць – працягвай, трэба іх пакараць».

Як Сарочыка катавалі ў міліцыі

 Інцыдэнт здарыўся 14 лістапада 2013 году.

Па словах Васіля Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін зь якіх быў у цывільным. Не прад’яўляючы дакумэнтаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіравацца ў пастарунак міліцыі Ленінскага раёну Менску.

Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканьні дзяжурнай часткі, а затым яго адвялі на допыт. Пазьней высьветлілася, што допыт праводзіла опэрупаўнаважаная Жанна Багданоўская.

Па словах Сарочыка, Багданоўская надзела на яго кайданкі і стала зьбіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных плітаў, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машынаў. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнаньня ў тым, што ён пэрыядычна рабаваў кіёскі на рынку.

Пэнсіянэр спрабаваў тлумачыць, што ня ведае, пра што ідзе гаворка, але пасьля гэтага зьбіцьцё толькі ўзмацнілася.

Як сьцьвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да зьбіваньня пэрыядычна далучаліся іншыя міліцыянты. Катаваньні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек траціў прытомнасьць, яго прыводзілі да прытомнасьці, абліваючы халоднай вадой.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсьць гадзін, але ніякага прызнаньня ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі. У выніку ў дачыненьні да яго склалі нейкі дакумэнт, які пэнсіянэр падпісаў, будучы ўжо ня ў стане яго прачытаць, і адпусьцілі дадому.

Зь міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ты гарадзкі шпіталь, каб зьняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраваньне зь міліцыі.

Тады зьбіты вартаўнік зьвярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёну Менску і ў ІПУ «Плятформа» з просьбай аб дапамозе. «Плятформа», у сваю чаргу, паінфармавала пра тое, што здарылася, Генпракуратуру, МУС і Сьледчы камітэт.

Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым працу працягнула ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску.

11 сьнежня былі праведзены працэдуры апазнаньня. Па іх выніках, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы сьледзтвам былі прынятыя працэсуальныя рашэньні аб прызнаньні супрацоўнікаў міліцыі падазраванымі. Мера стрыманьня ў дачыненьні да іх не абіралася.

У статусе падазраваных знаходзіліся оперупаўнаважаная Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.

13 сьнежня было абвешчана: сьледзтва прызнала падазраванымі ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле ч. 3 арт. 426 КК чатырох службовых асобаў Ленінскага РУУС.

30 сьнежня афіцыйны прадстаўнік СК па Менску Аляксандар Герасімаў заявіў: сабраныя доказы не пацьвярджаюць, што падазраваныя супрацоўнікі міліцыі ўчынілі дзеяньні, якія крымінальна караюцца. У той жа час, адзначыў ён, «устаноўлены парушэньні міліцыянтамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пры правядзеньні працэсуальных дзеяньняў». Таму да іх прымененыя меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. Крымінальную справу за катаваньні ў міліцыі спынілі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства