У Магілёве суддзя Юрчанка спрабуе замяць справу
Суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Андрэй Юрчанка спрабуе замяць справу з нагоды паклёпу на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду). Нагадаем, што нагодай для судовай спрэчкі стаў матэрыял, размешчаны на сайце naviny.by “У Магілёве з інтэрнату высяляюць сацыял-дэмакрата Мікалая Залознага”. У ім чуваць, як начальнік магілёўскіх інтэрнатаў Павел Шышоў, каментуючы сітуацыю з высяленнем з інтэрнату актывіста БСДП Залознага, абазваў сацыял-дэмакратаў бандай. Аўдыёрэпартаж быў зроблены карэспандэнтам БелаПАН Алесем Асіпцовым.
Тым не менш, у суддзе, які скончыўся 31 траўня, даказаць, што менавіта Павел Шышоў абазваў БСДП бандай, не атрымалася. Ён цалкам не прызнаў сваю віну і сказаў, што голас у аўдыёрэпартажу не належыць яму. Суддзя Андрэй Юрчанка не задаволіў хадайніцтвы прадстаўніка БСДП Ігара Барысава аб праслухоўванні рабочага запісу размовы Паўла Шышова з журналістам Алесем Асіпцовым, накіраванні аўдыёзапісаў на фонаскапічную экспертызу і адводзе суддзі і пракурора.
Адразу пасля суду сацыял-дэмакраты прынялі рашэнне абскарджваць яго вынікі ў Магілёўскім абласным суддзе.
“30 траўня падчас суду я запатрабаваў рашэнне суду з матывіровачнай часткай для далейшага абскарджвання. Днём 3 чэрвеня я зайшоў за рашэннем суда, аднак яно яшчэ не было гатовым. Са словаў суддзі Юрчанкі, яно было гатова 3 чэрвеня пасля абеду, аднак я знаходзіўся ўжо ў камандзіроўцы і здолеў забраць яго пад роспіс толькі 6 чэрвеня. Я адмыслова зайшоў да суддзі Юрчанкі, каб узгадніць з ім тэрміны касацыі, каб ведаць, які апошні дзень падачы скаргі ў Магілёўскі абласны суд”, - гаворыць Ігар Барысаў.
Сацыял-дэмакрат адзначае, што суддзя сказаў яму, што апошняй датай для абскарджвання ягонага рашэння з’яўляецца 13 чэрвеня. 13 чэрвеня поштай была выслана скарга на рашэнне суддзі Юрчанкі ў Магілёўскі абласны суд.
“Аднак пазней прыйшоў нечаканы адказ за подпісам суддзі Юрчанкі, што мы нібыта прапусцілі тэрміны і спазніліся на тры дні, што апошні дзень для абскарджання ягонага рашэння быў 10 чэрвеня”, - гаворыць Ігар Барысаў.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што такая сітуацыя, верагодна, магла ўзнікнуць толькі праз жаданне суддзі замяць гэтую справу.
“У дадзеным выпадку суддзя Юрчанка парушыў закон, у якім канкрэтна сказана, што калі хадайніцтва аб выдачы рашэння з матывіровачнай часткай заяўлена падчас судовага пасяджэння, лічыльнік пачынае ісці не з моманту агалошвання рашэння, а менавіта з моманту выдачы рашэння з матывіровачнай часткай. У дадзеным выпадку гэта мусіць быць як мінімум 13 чэрвеня, калі са словаў суддзі Юрчанкі было падрыхтавана рашэнне з матывіровачнай часткай”, - кажа Барыс Бухель.
Варта адзначыць, што ўчора сацыял-дэмакраты накіравалі ліст у суд Ленінскага раёна Магілёва з просьбай аднавіць тэрміны на падачу касацыйнай скаргі.