Быхаўскіх міліцыянтаў зноўку дэпрэміруюць
Прычынай гэтага з’яўляецца іх непрафесіяналізм. У лісце, які атрымаў з Міністэрства ўнутраных спраў жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок гаворыцца, што факты, агучаныя вяскоўцам у лісце ў міністэрства, пацвердзіліся і Упраўленню ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама даручана правесці паўторную праверку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Скарга датычылася падзеяў 23 траўня 2012 года, калі Аляксандр Шачанок са студні, якая знаходзіцца побач з яго домам, выцягнуў вядром вады пакунак. Адразу пасля гэтага ён патэлефанаваў у міліцыю. Прыбыўшыя супрацоўнікі ўскрылі пакунак – там аказаўся кавалак сапсаванага мяса. Была прынята заява ад Аляксандра Шачанка ў міліцыю, а таксама складзены пратакол апытання.
Вясковец адзначыў, што падазрае ў падкідванні мяса ў студню свайго суседа, з якім у яго склаліся несяброўскія ўзаемаадносіны. Днямі раней Шачанок бачыў, як яго сусед карміў падобным мясам сваіх сабак. Міліцыянты выслухалі вяскоўца і ўзялі кавалак вылаўленага са студні мяса і нібыта павезлі яго на экспертызу.
Праз некалькі дзён жонка Аляксандра Шачанка гуляла па лесе і знайшла пакунак з мясам, які міліцыянты выкінулі, недалёка ад’ехаўшы ад іх дома. Такім чынам міліцыянты праявілі непрафесіяналізм і не даставілі рэчдок на экспертызу.
Вада ў студні пасля гэтага выпадку аказалася забруджанай. Мясцовая санэпідэмстанцыя забараніла карыстацца ёй. Болей за год студня стаіць закалочанай.
Нагадаем, што раней Аляксандр Шачанок дамогся звальнення з Быхаўскай міліцыі ўчастковага міліцыянта Віталя Вашчылы. Несумленны міліцыянт сфабрыкаваў супраць вяскоўца адміністрацыйную справу, падрабіў пратаколы, подпіс і роспіс Аляксандра Шачанка, аднак гэтая справа развалілася ў судзе. Звальненне міліцыянта стала вынікам шматлікіх скаргаў у разнастайныя дзяржаўныя інстанцыі, а таксама ўвагі незалежных СМІ да гэтага выпадку.