Брэст: улады звярнулі ўвагу на праблемную вуліцу пасля атрымання амаль 500 подпісаў грамадзян
Калектыўны зварот быў накіраваны ў Брэсцкі гарвыканкам ад імя жыхароў вуліцы Асіпенкі, якая патрабуе капітальнай рэканструкцыі дарожнага пакрыцця і дзе адсутнічаюць ходнікі.
Як высветлілася, такі калектыўны зварот (адначасова ён быў накіраваны ў абласную Дзяржаўтаінспекцыю) даў свой плён: у адказе з гарвыканкама паведамляецца, што патрэбная для капітальнага рамонту дакументацыя ўжо падрыхтаваная і рэканструкцыя можа пачацца яшчэ ў гэтым годзе. Яна прадугледжвае будаўнітцва ліўневай каналізацыі, узмацнення цеплатрасы, частковае пашырэнне праезжай часткі, упарадкаванне прыпынкаў грамадскага транспарту, ходнікаў, асвятлення і азелянення.
У сваім звароце грамадзяне таксама патрабавалі прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія мелі дачыненне да таго, што вуліца Асіпенкі прыйшла ў такі заняпад, і зараз дарожнае пакрыццё на ёй уяўляе небяспеку для руху транспарту і людзей. Аднак з адказу гарадскіх уладаў вынікае, што парушэнняў заканадаўства ў гэтай справе не выяўлена.