Назіральнікі працягваюць маніторынг адміністратыўных працэсаў
Група назіральнікаў 1 ліпеня правяла маніторынг дзесяці звычайных судовых паседжанняў па справах аб адміністратыўных правапарушэннях. Суды праводзіліся у судзе Кастрычніцкага раёна г. Менску у працэсах па дачыненні да Каменюка С.С, Маркавай Е.В., Гладзько М.В. , Апановіча В.В., Баклая К.А., Махнача А.С., Барцэвіча К.Г., Кудзіна В. А, Уладзько А. У. і Аліева.
Пад час маніторынгу назіральнікі зазначылі пэўныя парушэнні. Так, на адным з адміністратыўных працэсаў (суддзя Лапко Максім), дзе разглядалася справа з удзелам грамадзяніна Кітая, суддзя адмовіў у прысутнасці трэціх асоб, без тлумачэння прычыны, чым парушыў арт. 114 Канстытуцыі РБ “Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты”.
Пад час разгляду спраў у дачыненні да 9 грамадзян суддзя Чайко Кацярына не прадставілася у слуханні, а сам працэс, у сярэднім, доўжыўся каля 1,5 хвіліны. Таксама вышэйназваная суддзя дазваляла сабе надаваць акрас і уласную ацэнку здейсненаму правапарушальнікамі. Інфармацыя пра адміністратыўныя працэсы адсутнічала на інфармацыйных стэндах судоў.
Ні ў адным з працэсаў не былі зачытаныя правы і абавязкі абвінавачаных, не зачытвалі таксама пісьмовыя матэрыялы справы, дэ-факта праводзілі скарочаны парадак судовага пасяджэння (без тлумачэння працэдуры і наступстваў гэтага), не зачытвалі пастанову аб адміністратыўным правапарушэнні, а толькі прымалі рашэнне пра санкцыю на месцы; не тлумачылі працэдуру абскарджання пастаноў. Таксама ў нібыта адкрытым судовым пасяджэнні не былі агучаны артыкулы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, па якіх прыцягваюцца грамадзяне. Ні ў адным з працэсаў не прысутнічалі сведкі з боку абвінавачвання (супрацоўнікі міліцыі).
Усе заўвагі да працэсуальных працэдур назіральнікі пазначылі у кніге скаргаў і прапаноў.