Рагачоў: міліцыя апытала актывіста з-за публікацыі на незалежным сайце
У рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча ўзялі тлумачэнні наконт публікацыі на незалежным сайце vrogacheve.ru.
- У мінулую суботу мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон з мясцовага РАУС і запыталі, ці магу я падысці ў міліцыю, каб даць тлумачэнні наконт адной з публікацый на незалежным сайце vrogacheve.ru, - распавядае Дашкевіч. - Але я быў на рыбалцы, і таму патлумачыў, што не магу падыйсці ў аддзел. Тады праз некалькі хвілін да мяне пад'ехаў супрацоўнік РАУС Сяргей Кучараў у цывільным, які на беразе Дняпра ўзяў з мяне тлумачэнні: адкуль я ўзяў дакументы для публікацыі, хто мне іх перадаў і г.д.
Міліцыянта цікавілі падрабязнасці, якія маюць дачыненне да публікацыі на незалежным сайце пра праслед рагачоўскага паэта Юрыя Арэстава.
- Думаю, што гэта былі не апошнія выклікі ў міліцыю, паколькі нашы публікацыі пра праслед Юрыя Арэстава, які заўчасна памёр у пачатку гэтага года, мелі вялікі рэзананс, - кажа Дзяніс Дашкевіч.