Праваабаронца пра канстытуцыйнае права на прававую дапамогу
Салігорскі праваабаронца, рэгіянальны прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Леанід Мархотка дзеліцца сваім прафесійным досведам адносна правапрымяняльнай практыкі пры рэалізацыі грамадзянамі свайго права на юрыдычную ды прававую дапамогу.
- Леанід Андрэевіч, артыкулам 62 Канстытуцыі замацавана права карыстацца ў любы момант дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў. Хто і дзе можа быць такім прадстаўніком?
- Па сутнасці, такім прадстаўніком можа быць любы чалавек. Паводле Канстытуцыі, для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод правам на свайго прадстаўніка вы можаце скарыстацца ў любых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях, у адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама ў судзе.
- Ці аказваюць у гэтых месцах прадстаўнікі БХК падобную дапамогу?
- У асноўным мы выступаем у якасці прадстаўнікоў грамадзян пры іх стасунках з дзяржаўнымі органамі, з той жа міліцыяй ці пракуратурай. Найбольш актыўна гэтую магчымасць выкарыстоўваюць мясцовыя актывісты дэмакратычных арганізацый. Каб атрымаць нашу дапамогу, патрэбна скантактавацца з намі і пры стасунках з дзяржавай, спаслаўшыся на атрыкул 62 Канстытуцыі, заявіць у якасці свайго прадстаўніка нашага праваабаронцу, як звычайнага грамадзяніна. Зрэшты, калі грамадзяне не жадаюць звяртацца да нас ці па нейкіх прычынах ў нас няма магчымасці аказаць гэткую дапамогу, можна ў якасці свайго прадстаўніка заявіць любога чалавека. Нават калі такі чалавек не будзе юрыдчына падкаваны, простая прысутнасць дадатковага сведкі прымушае прадстаўнікоў дзяржавы ў большай ступені прытрымлівацца законаў пры стасунках з грамадзянамі.
- Няўжо міліцыянты ці тыя ж чыноўнкі свабодна дапускаюць прысутнасць такіх прадстаўнікоў?
- На жаль, дзяржаўныя мужы не заўсёды выконваюць літару закона. Гэта як раз той выпадак, калі правапрымянальная практыка ў значнай ступені супярэчыць прававым нормам, замацаваным нават у Канстытуцыі. Яшчэ ў 2001 годзе па маёй ініцыятвые Канстытуцыйны Суд разгледзеў гэтае пытанне і афіцыйна пацвердзіў правільнасць пазіцыі БХК адносна права грамадзян мець свайго прадстаўніка ў судах, дзяржаўных органах і гэтк далей.
- Раскрыйце крыху падрабязнасці той справы нашым чытачам.
- Цяпер грамадзяне не валодаюць магчымасцю наўпроставага звароту ў Канстытуцыйны Суд, але напачатку 2000-х такая магчымасць у нас яшчэ была. Тады Суд разгледзеў мой зварот, які тычыўся адмовы адказнымі супрацоўнікамі салігорскага аддзелу ўнутраных справаў у допуску мяне ў якасці прадстаўніка адной жыхаркі Салігорска. Я аказваў дапамогу пры атрыманні ў яе тлумачэнняў адносна праверкі, якую ладзіла міжрайпракуратура. Тады Канстытуцыйны Суд на падставе артыкула 62 прызнаў права грамадзян мець свайго прадстаўніка для аказання дапамогі, у тым ліку з шэрагу членаў БХК. Таксама Суд адзначыў, што упаўнаважываць сваіх прадстаўнікоў на ўдзел у справе грамадзяне могуць вуснай заявай.
- У адным з сваіх інтэрв’ю вы казалі, што рашэнне Канстытуцыйнага Суда па гэтай справе даводзілася да асабовага складу Салігорскага аддзелу ўнутраных спраў на адмысловым сходзе.
- Больш за тое, на адрас тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава Канстытуцыйным Судом быў накіраваны адмысловы ліст. У тым лісце прычынай негатыўнага стаўлення грамадзян да органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнай палітыкі было названа непаважлівае стаўленне службовых асобаў не толькі да грамадзян, іх патрэбаў і запытаў, але і да Асноўнага Закону, патрабаванні якога яны павінны выконваць няўхільна. Цяпер такое цяжка нават ўявіць.