Пададзена скарга на забарону Мілавідскага фэсту
Актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Вячаслаў Болбат 20 чэрвеня падаў скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы на дзеянні райвыканкама, які, на думку грамадскага актывіста, двойчы незаконна забараніў адукацыйна-культурніцкае мерапрыемства “Мілавідскі фэст – памяці касінераў 1863 года”.
У скарзе ўказваецца, што грамадскія актывісты Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца і Тэрэса Селівончык 19 красавіка падалі заяву ў райвыканкам на правядзенне масавага мерапрыемства 2 чэрвеня 2013 года, да якой яны прыклалі свае абавязацельствы арганізатараў масавага мерапрыемства аб забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі падчас правядзення мерапрыемства. У сваёй скарзе Вячаслаў Болбат адзначае, што арганізатары культурніцкага фэста гарантавалі аплату выдаткаў, звязаных з правядзеннем масавага мерапрыемства, у падцвярджэнне чаго 29.04.2013 г. на імя старшыні райвыканкама яны даслалі копіі дамоў з КУМВП “Баранавіцкая раённая ЖКГ”, аддзелам унутранных спраў Баранавіцкага райвыканкама, установай аховы здароў`я “Баранавіцкая цэнтральная паліклініка”.
Такім чынам, падсумоўвае Вячаслаў Болбат у сваёй скарзе, арганізатары мерапрыемства выканалі ўсе патрабаванні Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”. Аднак сваім рашэннем ад 03.05.2013 г. Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт забараніў правядзенне фэсту ў гонар касінераў 1863 года з той прычыны, што быццам бы ў гэты дзень і ў гэтую гадзіну на тым жа месцы аддзел культуры райвыканкама запланаваў сваё культурніцкае мерапрыемства, прысвечанае 150-м угодкам Мілавідскай бітвы 1863 года.
Вячаслаў Болбат паведамляе далей ў сваёй скарзе, што арганізатары мерапрыемства, улічваючы патрабаванні арт. 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”, накіравалі другую заяву аб правядзенні запланаванай адукацыйна-культурніцкай акцыі на 09.06.2013 г. Нягледзячы на тое, што правядзенню фэсту 09.06.2013г. не перашкаджалі аніякія афіцыйныя мерапрыемствы, Баранавіцкі райвыканкам сваім рашэннем ад 20.05.2013 г. зноў жа забараніў яго правядзенне. Падставай для адмовы цяпер стала тое, што заяўнікі быццам бы не выканалі п. 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”. Што менавіта было парушана з боку заяўнікаў, канстатуе Вячаслаў Болбат, у рашэнні выканкама не згадваецца.
З апошняй высновай райвыканкама Вячаслаў Болбат не пагадзіўся, таму і падаў скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы на дзеянні дзяржаўнага органа. Ён просіць суд прызнаць незаконным рашэнне Баранавіцкага райвыканкама ад 20.05.2013 г. аб забароне правядзення 09.06.2013г. адукацыйна-культурніцкага мерапрыемства “Мілавідскі фэст – памяці касінераў 1863 года”.