Салідарнасць з Паўлам Севярынцам
Бярозаўскія грамадскія актывісты і праваабаронцы ў чарговы раз наведалі палітвязня Паўла Севярынца ў спецкамендатуры вёскі Купліна, дзе ён адбывае вызначанае судом пакаранне. Яму завезлі крынічную пітную ваду і прадукты, адбылася размова пра бягучыя праблемы. Павел падсумаваў вынікі прыезду да яго ў Куплін сяброў, паплечнікаў і вернікаў. Спіс аказаўся ўнушальным: звычайна да Паўла прыязджаюць некалькі гасцей на тыдзень: як з Пружан ці з яго наваколля, так і з Мінску, Баранавічаў, Бярозы, Гомеля, Кобрына, нават жыхары Польшчы, Украіны ды Злучаных Штатаў. Кожную нядзелю, калі Павел Севярынец атрымлівае больш 4 гадзінаў, каб паспець у царкву, лазню і на пошту, за ім прыязджаюць з Пружан на машыне. Людзі мяняюцца, і за 2 гады ў Купліне толькі ў гэтых нядзельных паездках палітвязень пазнаёміўся з 20 пружанцамі. Сталыя наведвальнікі-краязнаўцы Іван Здановіч, Леанід Патапчук, Юрась Зялевіч з Пружанаў, Аляксандр Кенда з Малеча і Раман Патапчук з Мінску дапамагаюць Севярынцу, калі ідзе гаворка пра артыкулы ў “Нашай Ніве”. Пастаянна апекуе Паўла Анатоль Сахаруша з Малеча. Прыязджаюць хрысціяне розных канфесій: з Брэста, Баранавічаў, Мінску, Івацэвічаў, Магілёва, Воршы, Бабруйску. Частыя госці маладафронтаўцы: Наста Дашкевіч, Мікалай Дземідзенка, Раман Васільеў, Валер Мацкевіч, Артур Фінькевіч. І, канешне, не абмінаюць Куплін журналісты: Жана Літвіна, Таццяна Мельнічук, Аліна Суравец, Генадзь Барбарыч і іншыя. Таксама часта бываюць кіраўнікі партый і арганізацый: Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей янукевіч, Лявон Баршчэўскі, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька. І штомесячныя прыезды з валізкамі маці Таццяны Севярынец. За што палітвязень Павел Севярынец усім вельмі ўдзячны.
Для камендатуры і хімікаў плынь гасцей - відавочнае сведчанне моцнага руху салідарнасці.