У 2012 годзе Мінкультуры выдала 531 дазвол на рэстаўрацыю аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны
Сёлета, па стане на 1 чэрвеня, выдадзены 282 такія дазволы. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Аксана Сматрэнка 18 чэрвеня на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.
Паводле слоў спецыяліста, летась міністэрства таксама выдала 648 дазволаў на навукова-даследчыя работы для правядзення рэстаўрацыі, на 1 чэрвеня 2013 года — 324 дазволы.
Як зазначыла загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення Наталля Хвір, Мінкультуры пастаянна праводзіць праверкі і агляды аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і практычна ў кожным выпадку выяўляе парушэнні. Па гэтых фактах выносяцца прадпісанні, у выпадку невыканання якіх складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Калі ж уласнік будынка ўсё роўна не ліквідуе парушэнні, да справы можа падключыцца Генеральная пракуратура.
Як паведаміў пракурор па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генпракуратуры Віктар Ляўша, пераважная большасць скаргаў і зваротаў паступаюць ад Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле яго слоў, у большасці выпадкаў скаргі закранаюць парушэнні парадку выдачы дазволаў на правядзенне рэстаўрацыйных работ, парушэнні рэгламенту забудовы, адсутнасць праектаў ахоўных зон і г.д. Крымінальныя справы заводзяцца ў адзінкавых выпадках, зазначыў пракурор.
Усяго ў Беларусі зарэгістравана 5.379 нерухомых аб'ектаў матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, 77 — рухомых, 79 — нематэрыяльных.