Сёньня ў Гомелі адбудуцца суды над грамадзкімі актывістамі Юрам Глушаковым, Анатолем Паплаўным і рэгіянальным карэспандэнтам БелаПАН Анатолем Гатоўчыцам.
Кожнаму з названых людзей інкрымінуюць розныя парушэньні беларускага заканадаўства.
Журналіста Анатоля Гатоўчыца вінавацяць у тым, што ён працягваў займацца дзейнасьцю ў інтарэсах замежных СМІ. Нагадаем, год таму карэспандэнт БелаПАН атрымаў афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня п.9 “Палажэньня аб знаходжаньні і прафэсійнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ”.
Кіраўнік аргкамітэту сацыяльнага руху “Разам” Юры Глушакоў абвінавачваецца ў дробным хуліганстве. Напярэдадні Дня волі да актывіста зьвярнуўся малады незнаёмец з просьбай даць запаліць. Пасьля гэтага раптам стаў штурхаць Юрыя Глушакова. У выніку, незнаёмец імітаваў, што яго ўдарыў ў пах актывіст. Адразу ж зьявілася міліцыя. Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў склалі пратакол на спадара Глушакова і адвезьлі яго ў суд, які быў перанесены на 26 сакавіка.
Актывісту Анатолю Паплаўнаму інкрымінуюць распаўсюд друкаванай прадукцыі. На пачатку году намесьнік дырэктара гомельскага заводу пускавых рухавікоў Мінчук знайшоў на адным з працоўных мейсцаў газэту “Свабода”. Адміністратар выклікаў участковага. Міліцыянт склаў пратакол на Анатоля Паплаўнага за распаўсюд друкаванай прадукцыі “цёмнага паходжаньня”, паведамляе Цэнтр моладзевых ініцыятыў “Гарт”.