Баранавічы: начальнік ГАУС прызнаў парушэнне правілаў дарожнага руху сваімі супрацоўнікамі
Грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус, негалосна праверыў, ці прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху супрацоўнікі міліцыі. На практыцы аказалася - не.
Па словах Чарнавуса, насупраць будынка міліцыі два пешаходныя пераходы праз магістраль, па якой рухаецца вялікі транспартны паток. На будынку міліцыі замацавана відэакамера, з якой добра відаць гэтыя пераходы. Людзі ў міліцэйскай форме пераходзяць магістраль дзе і як каму ўздумаецца, ігнаруючы пешаходныя пераходы. Чарнавус зафіксаваў гэта на 4-х здымках і накіраваў іх міністру ўнутраных спраў. Той адрэагаваў вельмі хутка. Здымкі былі адпраўлены ў Брэсцкае ўпраўленне ўнутраных спраў. Адтуль па вертыкалі ў Баранавіцкі ГАУС.
У адказе Чарнавусу начальнік ГАУС прызнаў правапарушэнні, напісаў, што будзе разбірацца з парушальнікамі, але вынікаў Чарнавусу не паведаміць, бо апошні не з’яўляецца пацярпелым альбо іх законным прадстаўніком.