Маці Андрэя Гайдукова дазволілі выступіць у якасці сведкі па яго справе
Віцебскі абласны суд, дзе праходзіць слуханне крымінальнай справы Андрэя Гайдукова, дазволіў яго маці выступіць у якасці сведкі.
Пра гэта паведаміла віцебская праваабаронца Таццяна Севярынец, якая сочыць за ходам працэсу.
Закрыты суд над 23-гадовым Гайдуковым, абвінавачаным у здрадзе дзяржаве, пачаўся 12 чэрвеня. Як вынікае з раскладу, вывешанага ў будынку суда, слуханні працягнуцца як мінімум да канца гэтага тыдня, паведаміла Севярынец.
«Я раніцай сустрэлася з адвакатам. Ён кажа, што, мяркуючы па тым, як ідзе працэс, не выключана, што пасяджэнні могуць атрымаць працяг і на наступным тыдні», — сказала праваабаронца.
Адвакат таксама паведаміў, што задаволена хадайніцтва абароны аб прыцягненні да працэсу ў якасці сведкі маці Гайдукова. «Ёй дазволілі выступіць як сведцы, але калі яе выклічуць у суд, пакуль не вядома. Для яе гэта будзе хоць нейкая магчымасць убачыць сына», — адзначыла Севярынец.
Яна нагадала, што 14 чэрвеня Вольга Гайдукова напісала заяву на імя старшыні Віцебскага абласнога суда з просьбай дазволіць спатканне з сынам, але адказ пакуль не атрыманы.