Мін’юст адмовіўся зарэгістраваць «Гавары праўду»
Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася зарэгістраваць рэспубліканскае дасьледча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду».
Устаноўчы сход
быў праведзены 13 красавіка,
і 8 траўня падалі дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня. Адказ
зь міністэрства павінен быў прыйсьці да 8 чэрвеня, але ліст
зь Мін’юста датаваны 12 чэрвеня, патлумачыў карэспандэнту Свабоды
актывіст «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк:
«То бок сам Мін’юст парушыў тэрміны, якія законам дае на рэгістрацыю
ці матываваную адмову ў рэгістрацыі. То бок у нас
рэгістрацыяй займаецца дзяржорган, які сам парушае заканадаўства».
Паводле Вазьняка, у лісьце падаюцца дзьве прычыны адмовы
ў рэгістрацыі.
Чыноўнікі палічылі, што тэрмін дзеяньня гарантыйнага ліста (а ён быў
да 31 траўня) на юрыдычны адрас скончыўся.
«Але гэта не зьяўляецца парушэньнем, бо на момант падачы
ў нас быў гарантыйны ліст. І яны маглі папрасіць працягу дзеяньня
гэтага ліста. То бок гэтае парушэньне не такое, якое немагчыма
ліквідаваць. А ў законе гаворыцца, што адмаўляецца ў рэгістрацыі
толькі тады, калі парушэньні нельга ліквідаваць», — патлумачыў Вазьняк.
Другую прычыну чыноўнікі знайшлі ў тым, што нібыта ня вызначаны
колькасны склад праўленьня.
«Ён у нас вызначаны: 5 чалавек, і ёсьць сьпіс паводле
прозьвішчаў. Гэта ўжо проста лухта, якую немагчыма камэнтаваць», — сказаў Вазьняк.
Сяргей Вазьняк паведаміў, што рашэньне Мін’юста будзе абскарджана
ў Вярхоўным судзе, а потым зноў будуць пададзеныя дакумэнты
на рэгістрацыю ў Мін’юст. Актывіст таксама паведаміў, што гэта была
ўжо трэцяя спроба зарэгістравацца. Адмову з боку ўладаў Сяргей Вазьняк
пракамэнтаваў так:
«З разумнага пункту гледжаньня цяжка адказаць на гэтае пытаньне,
бо дзяржаве ж выгадней, калі дзейнічаюць зарэгістраваныя арганізацыі.
Мы ўсё роўна працуем. І калі мы працуем без рэгістрацыі,
у дзяржавы меней магчымасьцяў кантраляваць дзейнасьць арганізацыі.
У іх рэальна проста не хапае розуму».